Пратэсны марш, архіўнае фота 2020 года / Drone Pilots Group
Экс-палітвязень Эдуард Пальчыс вырашыў адказаць на балючае пытанне, чаму ў 2020-м "народ вадзілі па праспектах".
У 2020-м Пальчыс быў каардынатарам чата "ХАТА", дзе абмяркоўваліся планы пратэсных акцый у 2020 годзе.
Ён нагадаў, што ўсе яркія вулічныя лідары былі затрыманыя яшчэ да жніўня 2020-га, а сілавікі некалькі месяцаў рыхтаваліся да жорсткага разгону пратэстаў. Удзень 9 жніўня стаў знікаць інтэрнэт, таму каардынацыя пратэстаў, кажа Пальчыс, была практычна немагчымая. Тым не менш некалькі тысяч чалавек сабраліся каля Стэлы — і сутыкнуліся з жорсткімі дзеяннямі сілавікоў.
Таксама людзі вырашылі выйсці на пратэсты 10 жніўня.
"Наш чат пасля спрэчак прыйшоў да ідэі, што небяспечна людзей засяроджваць ў адным месцы пасля той жорсткасці, што была праяўлена. Таму акцыі былі абвешчаныя на раёнах. І вось тут многія забыліся, што пакуль на Бангалоры і ў іншых месцах адны будавалі барыкады, іншыя крычалі: "Правакатары!", "Не чапайце лавачкі!", "Мы за мірны пратэст!" І паверце, другіх спачатку было нашмат больш, чым першых", — нагадвае экс-палітвязень.
Падзеі 11 і 12 жніўня таксама адбываліся дэцэнтралізавана з прычыны адключэння інтэрнэту.
"Калі ўключылі інтэрнэт і людзі былі ў шоку ад таго, што робіцца, пачаліся забастоўкі (асобная тэма), сталі выходзіць жанчыны і ажыццяўляцца іншыя лакальныя акцыі. Так і нарадзілася ідэя для вялікага маршу 16 жніўня", — піша Пальчыс.
Ён згадвае іншыя маршы — у тым ліку на Палац Незалежнасці і на Дразды, якія праваліліся. Таксама ён нагадаў, як падчас маршу на Акрэсціна людзей спынілі валанцёры, асцерагаючыся, што палітычных зняволеных у выніку такога маршу будуць яшчэ болей катаваць.
На думку Пальчыса, для стратэгічнай перамогі патрэбны быў шматбаковы ціск: вуліца + забастоўкі + палітычная арганізацыя. Чат "ХАТА", паводле Пальчыса, выконваў задачу каардынацыі вулічных пратэстаў. Ідэі страйку завадчане сталі агучваць яшчэ да 9 жніўня.
А з палітычнай арганізацыяй узніклі складанасці: "Святлану выціснулі ў Літву, астатніх пасадзілі, мноства людзей на "сутках" або хаваліся. Сцяпан (Пуціла, рэдактар Nexta. — Еўрарадыё) не мог выйсці на стрым і сказаць: "Чыноўнікі, сілавікі і дзеячы прафсаюзаў, пішыце мне ў прыват, я вам дам усе ўказанні!" Яму было ўсяго 22 гады, і ён сам часам быў у шоку ад падзей, улічваючы, што ў бот NEXTA магло прыходзіць да 2000 паведамленняў у хвіліну ў пікавыя гадзіны. Трэба было палітычна смелы твар або арганізацыя".
Так з'явілася ідэя Каардынацыйнай рады, але працэсы ў ёй былі павольныя і нерашучыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут