Дзюдаістка Скрыпнік: Перад вылетам у Рыа зняла з сябе ўсе залатыя ланцужкі

03/08/2016 - 13:48

“Аднаго хлопчыка, не беларуса, злавілі на дварэ і прымусілі зняць з банкаўскай карткі 600 еўра. Мяне напалохалі да такой ступені, што я, напэўна, буду толькі ў Алімпійскай вёсцы сядзець. Прачытала усе рэкамендацыі наконт бяспекі і зняла з сябе ўсе залатыя ланцужкі”, — беларуская дзюдаістка Дар’я Скрыпнік робіць высновы перад вылетам на Алімпіяду.

Беларускія дзюдаісты ў апошнія гады рэдка трапляюць на п’едэсталы топ-турніраў. Толькі Скрыпнік (52 кг) сенсацыйна стала трэцяй на чэмпіянаце свету-2015. У сусветным рэйтынгу яна на 19-м месцы. Дзмітрый Шэршань (66 кг) — на 13-м. Абодва ўмеюць перамагаць сапернікаў, якія знаходзяцца ў рэйтынгу на больш высокіх пазіцыях. Той жа Шэршань сёлета не аднойчы бываў на п’едэсталах міжнародных Гран-пры. Спецыялісты лічаць, што перад Рыа нашы спарстмены выйшлі на пік формы і здольныя спаборнічаць з любымі.  

Дар‘я Скрыпнік і Дзмітрый Шэршань

“Дзюдо падчас Алімпіяды — гэта залатая жыла для букмекераў. Слабых сапернікаў няма, усе моцныя, на кожную схватку трэба настройвацца. Вынік можа быць непрадказальным”, — з аптымізмам выказваецца Шэршань. 

Сінхраністка Ліманоўская пра Рыа: “Ад камароў куплялі пластыры на вопратку, спрэі, у пакоі стаяў фумігатар”

 

Спаборніцтвы дзюдаістаў стартуюць 6 жніўня. Скрыпнік і Шэршань выйдуць на татамі на трэці дзень па прылёце. Абодва ўвогуле не хвалююцца наконт акліматызацыі, лічаць, што “арганізм нават не паспее зразумець, што адбываецца”.

А вось наш дуэт сінхраністак Ірына Ліманоўская/Вераніка Есіповіч вылецеў у Бразілію аж за 11 дзён да старту (кваліфікацыя распачнецца 14 жніўня).

“Непрывычна тое, што там адкрыты басейн. А ў нас такіх басейнаў для трэніроўкі няма. Калі мы там выступалі, было сонца, зараз будзе вецер. Але адаптуемся да ўсяго”, — разлічвае Ліманоўская.  

Беларускам для поспеху мала пераадолець умовы надвор’я і проста ўдала выступіць. 

“Неаб’ектыўнае судзейства можа быць праблемай. Няма каму за нас заступіцца, нашага суддзі там няма.  Таму вельмі спадзяёмся, што судзейства на Алімпіядзе будзе больш аб’ектыўным, чым гэта здараецца звычайна”.

Бытавыя праблемы кшталту пякельнага сонца і вірусных камароў не вельмі турбуюць нашых сінхраністак. Яны ўжо наведвалі Рыа падчас кантрольных стартаў і ведаюць, з чым сутыкнуцца, перакананая Ліманоўская. 

“Калі ехалі ў першы раз, куплялі пластыры на вопратку, спрэі ад камароў. І фумігатар у пакоі стаяў пастаянна”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі