Джон Коўл / LookByMedia
Спецпасланнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл заявіў, што чакае чарговага буйнога вызвалення беларускіх палітвязняў “у самы бліжэйшы час”. Гэта ён расказаў выданню The New York Times у вялікім інтэрв’ю.
Коўл дадаў, што яго галоўная мэта, каб на волю выйшлі ўсе палітвязні, якія застаюцца ў Беларусі. Пасля гэтага, дыпламат хоча заняцца вызваленнем зняволеных у іншых краінах.
Апошні візіт Джона Коўла ў Беларусь адбыўся 19 сакавіка. Тады ўлады вызвалілі 250 палітвязняў у абмен на знаццё санкцый з Міністэрства фінансаў і шэрагу беларускіх банкаў.
Таксама ў размове з журналістамі Коўл распавёў пра самі перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і тое, што вялікую ролю ў іх поспеху адыгралі нефармальны стыль камунікацыі і гумар.
“Гумар – гэта каласальная зброя. Калі вам удаецца рассмяшыць іншага чалавека, вы ўжо на паўдарозе да мэты і больш не ўспрымаецеся як пагроза”, — сказаў Коўл.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут