“Джокер”: таксічнае грамадства стварае сваіх забойцаў

04/10/2019 - 13:19
Джокер / IMDb

Готэм-сіці. Вуліцы — працяг сцёкавых канаў, а канавы запоўненыя крывёй і смеццем. Вось-вось сцёкі будуць канчаткова забітыя і ўся гарадская поскудзь пачне тануць. Смецяры страйкуюць, і ўжо няма каму прыбраць за людзьмі. Назапашаны бруд пажаднасці, забойстваў і прагнасці хутка ўспеніцца да пояса. Тоўстыя нахабныя пацукі шныраць па падваротнях, адчуваючы сябе каралямі вуліц.

"Усе мае думкі — негатыўныя"

Артур Флэк пакрывае твар акцёрскім грымам. Ён дзіўны белы мужчына сярэдняга веку, які жыве са сваёй маці. Атрымлівае мінімальны заробак, працуючы клоўнам па найме. І марыць стаць стендап-комікам. Яго зневажаюць на кожным кроку. Яго пастаянна абражаюць і збіваюць. Флэк няўдалы, адчужаны, пакрыўджаны і, што найбольш важна, глыбока занепакоены. Ён напружаны, нервуецца і не можа расслабіцца.

Згорблены і знясілены, ён смяецца, смяецца і смяецца. Але не ад радасці. У Артура псіхічнае захворванне: калі вельмі моцна хвалюецца, ён не можа кантраляваць свой вар'яцкі смех. Гэта знакаміты вар'яцкі "смех Джокера". Яго падаюць як нейкую турэтычную рэакцыю на стрэс, якую ён не можа кантраляваць.

З-за скарачэння гарадскога бюджэту сацыяльныя службы больш не могуць забяспечваць яго лекамі, якія хоць неяк дапамагалі яму спакойна жыць. У кароткай сцэне са сваім псіхатэрапеўтам Флэк хвалюецца з-за руціннага характару пытанняў, якія яна задае: "Вы проста задаяце адны і тыя ж пытанні кожны тыдзень: "Як ваша праца? У цябе ёсць нейкія негатыўныя думкі? "Усё, што ў мяне ёсць, — гэта негатыўныя думкі". Ён глядзіць на тэрапеўта, які кажа яму, што яны больш не сустрэнуцца ў будучыні. Яна бачыць у ім нешта, што не можа выправіць, і яны абодва гэта ведаюць.

Калі ў коміксе для стварэння Джокера стваральнікі апусцілі Артура Флэка ў чан з атрутнымі хімікатамі, то рэжысёр Тод Філіпс апусціў зародак Джокера ў таксічнае і жорсткае грамадства Готэм-сіці, які загнівае.

Горад, які памірае ад шаленства, беднасці і абыякавасці. Людзі-прусакі, што бегаюць па вуліцы і шукаюць гераін, дзіцячую парнаграфію ці каго б пабіць і згвалтаваць. Голыя жанчыны на афішах і вітрынах. Кідкіх расфарбовак надпісы прапануюць самае рознае каханне, але не амерыканскае.

Па меры таго як Артур усё глыбей і глыбей апускаецца ў лютасць і адчай, забойства становіцца яго адзіным выйсцем, разрадкай, а зброя — яго адзіным сябрам. Забойства падымаюць на сцягі супраціву і барацьбы за годнасць. Клоўн становіцца сімвалам пратэсту.

"Спадзяюся, у маёй смерці будзе больш сэнсу, чым у маім жыцці"

За межамі заблытанага ўнутранага свету Артура горад бурыцца, сацыяльная і фінансавая няроўнасць бударажыць пакрыўджаных людзей. Яны адчайна спрабуюць вярнуць сабе гонар і годнасць.

Фільм уяўляе сабой трывожнае і захапляльнае даследаванне характару будучага галоўнага злачынца DC. Пры гэтым рэжысёр практычна цалкам адмаўляецца ад коміксавых атрыбутаў. Гэта псіхалагічная драма пра трансфармацыю стомленага, няшчаснага, траўмаванага і самотнага чалавека ў жорсткага маніякальнага забойцу.

Ён бязлітасна распраўляецца з маці, з прыяцелем, з нахабнымі брокерамі з Уол-стрыт. Першае забойства яго бянтэжыць і шакуе, ён чакае, што будзе вінаваціць сябе, але ў выніку прызнаецца, што яму спадабалася. І пасля гэтага ў забойствах ён спакойны, крывавы і бязлітасны.

Артур спускаецца па лесвіцы, нібы герой рок-н-рола. Па той самай лесвіцы, па якой ён кожны дзень панура спускаўся і ўздымаўся. Але цяпер ён іншы. Гэта самы энергічны момант у фільме. Да чаго ён прыводзіць? Артур натхняе хаос і анархію, горад паглыбляецца ў вар'яцтва і масавыя беспарадкі.

"Джокер" чэрпае натхненне ў фільмах Марціна Скарсэзэ і неануары, дзе часта фігуруюць сумнеўныя героі, якія здзяйсняюць злачынствы і ліхадзействы. Вы можаце любіць галоўных герояў у "Слаўных хлопцах", "Казіно", "Каралю камедыі" ці "Кіроўцу", але ўсе яны не вельмі добрыя людзі.

Рэжысёру Тоду Філіпсу ўсё ж даводзіцца рабіць адсылкі і ўпісваць фільм у міфалогію Готэма. Адна сцэна для фанатаў, з адсылачкай да гісторыі Бэтмена. Але калі прыбраць яе, то фільм зусім нічога не губляе.

З ненармальнай цікаўнасцю ты назіраеш за тым, як ён падымаецца да становішча легендарнага злачынцы Готэма. Кульмінацыяй гісторыі Артура ёсць жудасны трыумф чалавека, які цяпер ператварыўся ў Джокера.

Ён — квінтэсэнцыя хаосу, вар'яцтва і анархізму. Джокер у фільме не верыць у палітыку, не верыць у пратэсты. Ён сцвярджае, што ў яго няма палітычных поглядаў. Але ён, безумоўна, сам па сабе частка палітыкі, кроў ад крыві, плоць ад плоці тых палітычны рашэнняў, што былі здзейснены. І народжаны дзякуючы гэтым рашэнням, першае, што новаспечаных антыгерой Готэма робіць, — здзяйсняе "забойства бацькi" і знішчае старыя ідалы.

Новы "Джокер" натхняе забойцаў?

Яшчэ да выхаду ў пракат фільм апынуўся ў цэнтры чарговага скандалу, звязанага з масавымі забойствамі ў ЗША. Частка амерыканскай грамадскасці была занепакоеная, ці не справакуе гэты фільм чарговыя масавыя забойствы. У прыклад ставілі інцыдэнт 2012 года ў амерыканскім горадзе Арора, дзе на прэм'еры заключнага трэцяга фільма "Цёмны рыцар: Адраджэнне легенды" стралок уварваўся ў кіназалу і забіў 13 чалавек.

Акцёр, які сыграў галоўную ролю ў фільме, Хаакін Фенікс, адказваючы на ​​пытанне, ці не баяцца стваральнікі фільма, што людзі будуць выкарыстоўваць персанажа ў якасці натхнення або апраўдання для сваіх дзеянняў, заявіў, што ўся адказнасць ляжыць на самім чалавеку, а зусім не на фільме:

"Я сапраўды лічу, што аўдыторыя павінна быць у стане зразумець розніцу паміж правільным і няправільным. Я не думаю, што рэжысёр абавязаны вучыць маралі. Калі людзі не ведаюць розніцу паміж правільным і няправільным, то ёсць мноства рэчаў, якія вы будзеце інтэрпрэтаваць так, як вам захочацца".

Армія ЗША разаслала сваім супрацоўнікам папярэджанне аб магчымым гвалце ў кінатэатрах, дзе будуць паказваць фільм. Адзначаючы папулярнасць персанажа Джокера сярод маргінальных супольнасцяў. У асобным мемарандуме гаварылася, што войска атрымала "верагодную" інфармацыю ад праваахоўных органаў Тэхаса, якая датычыцца нападу на невядомы кінатэатр. Аднак неўзабаве ФБР і Служба нацыянальнай бяспекі не выявілі ніякіх дакладных пагроз, звязаных з выхадам фільма.

"Будзеш мяне аб'яўляць — назаві мяне Джокерам"

Фільм "Джокер" дае свайму галоўнаму герою да страшнага праўдападобную гісторыю паходжання. Гэта новы віток, пасля трылогіі Нолана пра Бэтмена, цёмнай эвалюцыі кіно, натхнёнага коміксамі. Хаакін Фенікс дзівосны ў ролі псіхічна хворага чалавека, які па выніку становіцца легендарным клоўнам-забойцам — Джокерам.

У "Джокера" ёсць бясспрэчны стыль і магутная гісторыя, якая па ходзе апавядання вымалёўваецца і глядзіць на нас з гідкай няўмольнасцю. Гэта цудоўны фільм, прысвечаны смерці парадку і гніенню кіруючага класа. "Джокер" — разумны, стыльны і трывожны фільм: ён адлюстроўвае чалавека, які ёсць прадуктам нашай эпохі.

Новага "Джокера" можна паглядзець у Falcon Club Буцік кіно. Дзякуй ім за магчымасць ацаніць фільм да прэм'еры.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі