Дызайнер Арцемій Лебедзеў зрабіў тату па-беларуску

18/12/2023 - 07:10

Беларускамоўная татуіроўка Арцемія Лебедзева / Instagram-акаўнт Арцемія Лебедзева

Татуіроўкай з беларускім словам пахваліўся ў сваім акаўнце ў Інстаграме скандальна вядомы расійскі дызайнер Арцемій Лебедзеў.

Тату яму на руцэ зрабіла майстрыха Дар’я Салаўёва. На малюнку бачны пакойчык, у якім акно з кветкай на прываконні, стол з камп’ютарам, котка на крэсле, а таксама дыван, па краі якога па-беларуску напісана "татуіроўка".

Яшчэ ў 2021 годзе Лебедзеў паведаміў, што плануе рабіць тату са словам "татуіроўка" на розных мовах. Адно з першых тату было па-японску. За два мінулыя тыдні Лебедзеў зрабіў тры тату: па-беларуску, па-кітайску і па-французску.

Беларускамоўная татуіроўка выклікала ў некаторых падпісчыкаў абурэнне, заўважыла "Наша Ніва". Дызайнерка Ганна Перарослая (псеўданімы Ascha, Pink Shark) напісала: "Эх, а ў РБ зараз нацыяналюгі забясплатна па акцыі ад адной змагарскай запраўкі татуіроўкі на беларускай б'юць, абы не па-расейску". На што атрымала адказ ад Лебедзева: "Ну дык ідзі набі".

Ганна Перарослая стварыла стыкеры ў падтрымку рэпрэсій і АМАПу "silaomon", а таксама з абразамі беларускай сімволікі "zabatku". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі