Дырэктар ЦРУ зноў прыляцеў у Кіеў і сустрэўся з Зяленскім — WP

16/11/2022 - 08:18
Уільям Бёрнс / Reuters

Ва Украіну другі раз за гэтую восень з неабвешчаным візітам прыехаў кіраўнік Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША Уільям Бёрнс. Учора ў Кіеве ён сустракаўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і калегамі з украінскай разведкі. Пра гэта піша The Washington Post са спасылкай на неназванага афіцыйнага прадстаўніка ЗША.

Бёрнс расказаў Зяленскаму і ўкраінскім калегам пра сустрэчу з кіраўніком расійскай службы знешняй разведкі Сяргеем Нарышкіным. Ён таксама пацвердзіў, што ЗША па-ранейшаму будуць падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе супраць расійскай агрэсіі. Выданне паведамляе, што Бёрнс заспеў у Кіеве ўчорашнюю масіраваную атаку. Падчас ракетнага ўдару ён быў у амбасадзе ЗША і ў бяспецы. WP асабліва адзначае, што пакуль няма ніякіх сведчанняў таго, што расійскі абстрэл быў звязаны з візітам кіраўніка ЦРУ.

Цяперашні прыезд Бёрнса ва Украіну - ужо як мінімум трэці з пачатку 2022 года. Кіраўнік ЦРУ быў у Кіеве ў студзені 2022-га — абмяркоўваў з Зяленскім пагрозу расейскага ўварвання. Другі раз ён наведаў Украіну ў пачатку кастрычніка. Падчас гэтага візіту Бёрнс казаў пра намер ЗША падтрымліваць Украіну, а таксама паабяцаў і далей дапамагаць з разведвальнымі звесткамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі