Домрачаву будзе рыхтаваць да Алімпіяды-2018 нарвежскі трэнер

12/11/2016 - 09:59

Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава будзе рыхтавацца да зімовай Алімпіяды-2018 пад кіраўніцтвам нарвежскага трэнера Рогера Грубена. Паводле выдання sports.ru, спартсменка заявіла, што вельмі паважае гэтага спецыяліста і ведае, што ён мае багаты досвед падрыхтоўкі біятланістак, якія нядаўна перажылі роды.

Грубен у сваю чаргу адзначыў, што ўвесь біятлонны свет і Нарвегія зычаць Дар’і добрага вяртання ў спорт.

Як сказаў муж біятланісткі, Уле-Эйнар Б’ёрндален, Домрачава многім ахвяравала ў апошні год: спачатку яна хварэла, а потым выношвала і нараджала дзіця. Цяпер яна вельмі хоча вярнуцца і старанна трэніруецца.

“Даўно я не бачыў яе настолькі матываванай, як цяпер. Яна з вялікім задавальненнем вярнулася на лыжню”, — кажа Б’ёрндален.

Нагадаем, што ў 2015 годзе Дар’я Домрачава захварэла на монануклеоз і з-за гэтага вырашыла прапусціць сезон. Пасля таго, як спартсменка пайшла на папраўку, яна абвясціла, што чакае дзіця. Дачка Домрачавай і Б’ёрндалена нарадзілася сёлета 1 кастрычніка ў Мінску.

Нядаўна зорная сям’я біятланістаў паехала ў Нарвегію, дзе муж і жонка заняліся падрыхтоўкай да новага сезону.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі