Доктару акцёра Мэцью Пэры пагражае да 10 гадоў турмы — #ІхНоравы

03/10/2024 - 18:20

Пра што гавораць у свеце / @rubanau_collage

Ланцужок цынічных рашэнняў і неабдуманых учынкаў можа прывесці да смерці чалавека, якому акурат патрэбныя былі людзі, што скажуць: "Не, так нельга". Такой логікі прытрымліваецца суд у ЗША, дзе разглядаецца справа пра смерць акцёра Мэцью Пэры.

У заапарках В'етнама драпежнікаў губіць птушыны грып, на які ўсе ўжо і забыліся.

А ў Японіі страсянулі пыл са старых 8-бітных прыставак і вырашылі зарабіць на настальгічных пачуццях турыстаў.

Падрабязней пра гэта — у нашым традыцыйным аглядзе сусветных навін.

За смерць зоркі “Сяброў” ад наркотыкаў адказвае яго доктар

У судзе доктар Марк Чавес прызнаў віну ў смерці знакамітага акцёра сіткома “Сябры”, піша ВВС. Пэры знайшлі мёртвым ва ўласным доме 28 кастрычніка 2023-га. Ён памёр ад перадазіроўкі наркотыкамі.

Чавес прызнаўся ў судзе ў змове з іншым доктарам з мэтай пастаўкі кетаміну Мэцью Пэры. Наркотык выкарыстоўваецца падчас лячэння дэпрэсій, якія суправаджаюцца моцнымі болевымі адчуваннямі. Акцёр атрымліваў кетамін ад дактароў па фальшывым рэцэпце.

У судзе стала вядома, што за некалькі тыдняў да смерці Мэцью Пэры перадалі вялікую партыю кетаміну на суму звыш 50 тысяч долараў.

Доктару пагражае да 10 гадоў турмы, але вырак можа быць меншым, калі яму прапануюць угоду. Цяпер 54-гадовы медык чакае прысуду на волі — яго выпусцілі пад заклад. Свае рашэнне суд агучыць у красавіку 2025-га.

Кіраўніца Упраўлення па барацьбе з наркотыкамі Эн Мілгрэм кажа, што кожны з гэтых людзей зрабіў свой фатальны ўнёсак у гібель Мэцью Пэры.

На тыграў у В’етнаме напаў птушыны грып

Сітуацыя сапраўды сур’ёзная. Праз вірус H5N1 у заапарках В’етнама загінула ўжо 47 тыграў, 3 ільвы і пантэра. Хвароба тэрарызавала жывёл увесь жнівень і верасень. Пра гэта паведамляюць мясцовыя дзяржаўныя СМІ.

Што да людзей, якія апякуюцца жывёламі, то ніхто з іх не назіраў у сябе сімптомаў рэспіраторнай інфекцыі.

Замежным СМІ заапаркі адмаўляюцца каментаваць сітуацыю.

У Японіі адкрылі музей Nintendo

Ён размясціўся ў былой фабрыцы Nintendo у горадзе Кіёта. Тут можна занурыцца ў настальгію па часах першых камп’ютарных гульняў на прыстаўках кшталту “Супер Марыа”.

У музеі выстаўленыя прыстаўкі ад самых першых Famicom 1983 года да Nintendo 64 1996 года і Switch 2017 года выпуску. Ну і, вядома ж, у музеі можна пагуляць у легендарныя гульні, пазнаёміцца з героямі, паўзаемадзейнічаць з картамі з гульняў — літаральна адчуць сябе ўнутры 8-бітнага сусвету.

Білеты ў музей будуць размяркоўвацца з дапамогай латарэйнай сістэмы. Ужо вядома, што трапіць сюды будзе не так проста: білеты разлятаюцца як гарачыя піражкі, на тры месяцы наперад.

У будынку, дзе цяпер чакаюць да 2000 наведвальнікаў штодзённа, яшчэ да 70-х выраблялі цацкі, якія ў тыя часы прыносілі грошы кампаніі Nintendo. З пачаткам эпохі відэагульняў тут размясціўся цэнтр абслугоўвання кліентаў — фактычна, рамонт кансоляў.

“Гэта месца ўспамінаў. Мы шукалі, як гэта неяк захаваць, і ўзнікла прапанова: чаму б не зрабіць з гэтага музей?” — кажа творчы гуру Nintendo Шыгеру Міямота, стваральнік серыі гульняў пра Марыа і Зэльду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі