Беларусь можа апынуцца ў спісе краін — спонсараў тэрарызму разам з Сірыяй і Паўночнай Карэяй / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Прызнаць Расію і Беларусь дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму — адзін з кірункаў санкцыйнай палітыкі, які цяпер распрацоўваюць украінска-амерыканскія эксперты. А ў першай частцы дакумента, ужо падрыхтаванага групай Ермака — Макфола, прапануецца ўвесці поўнае эканамічнае эмбарга для Расіі і Беларусі, у тым ліку і на гандаль нафтапрадуктамі з Еўрасаюзам.
Карацей, меры вельмі сур'ёзныя. Але ці не застануцца яны планам на паперы, улічваючы тое, што Захад асцярожна і ўзважана разглядае санкцыйныя пакеты?
— Цікавай падаецца асоба Майкла Макфола. Гэта не толькі вельмі вядомы амерыканскі палітолаг і прафесар у Гарвардзе. У яго асаблівыя сувязі з Дэмакратычнай партыяй і адміністрацыяй Байдэна, — расказвае Еўрарадыё гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. — Ён фактычна быў кансультантам у Абамы і вельмі ўплываў на яго палітыку ў дачыненні да Расіі. Калі ўжо Макфол уключыўся ў гэты працэс, то гэта вельмі сур'ёзна.
Прысутнасць Макфола сведчыць пра тое, што тое, чым займаецца гэтая экспертная група, — гэта не проста тэарэтычныя напрацоўкі. Для Беларусі эканамічнае пытанне галоўнае. У эканамічным плане для Беларусі гэта можа быць вельмі балюча, калі хаця б часткова гэты праект будзе рэалізаваны. І яшчэ больш балюча будзе тады, калі да гэтых санкцый далучацца краіны ЕС. Эканамічныя сувязі Беларусі з Еўрасаюзам былі вельмі моцныя. Напрыклад, такія галіны, як дрэваапрацоўка, у большай ступені былі скіраваныя на Захад.
У спісе дзяржаў — спонсараў тэрарызму лічацца Куба, Іран, Сірыя, Паўночная Карэя. У планах групы Ермака — Макфола дадаць Беларусь і Расію ў гэты спіс. Чым гэта адгукнецца для беларусаў і рэжыму Лукашэнкі?
— Ёсць міжнародныя канвенцыі, нацэленыя на перашкоду фінансаванню тэрарыстычных рэжымаў, — расказвае Еўрарадыё намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, адказны па пытаннях знешняй палітыкі Уладзімір Астапенка. — Калі рэжым Лукашэнкі будзе ўключаны ў спіс такіх арганізацый, то ўсе міжнародныя партнёры, якія захочуць мець з ім справу, павінны будуць зыходзіць з таго, што гэтая арганізацыя знаходзіцца пад пільным кантролем з боку праваахоўных органаў, у дадзеным выпадку ЗША. І любыя дзеянні, перш за ўсё фінансава-эканамічныя, могуць пацягнуць за сабой санкцыі за падтрыманне тэрарыстычнай актыўнасці.
Зразумела, што на паліцах беларускіх крамаў тавараў, напэўна, не дадасца. Эканамічных магчымасцяў у краіне таксама наўрад ці стане больш. Гэта будзе ўплываць на агульную эканамічную сітуацыю ў краіне, але не будзе закранаць нейкіх асобна ўзятых грамадзян.
— НАУ практычна год таму вылучала прапанову аб кваліфікацыі дзеянняў рэжыму Лукашэнкі як тэрарыстычных, — працягвае Уладзімір Астапенка. — Яшчэ да вайны ва Украіне хапала матэрыялаў для таго, каб прасоўваць такую ініцыятыву на міжнароднай арэне. Гаворка ішла пра масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, пра злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Катаванні, пазасудовыя забойствы, прымусовыя знікненні і гэтак далей. Сюды ж актыўна кладзецца тэматыка, звязаная з актам паветранага пірацтва ў дачыненні да самалёта Ryanair.
— Гэта будзе паўнавартасная жалезная заслона, — лічыць Аляксандр Фрыдман. — Гэта будзе азначаць спыненне эканамічных, культурных, навуковых адносін. Напэўна, знікненне магчымасці для насельніцтва Беларусі наведваць дэмакратычныя краіны. А калі сітуацыя ў вайне пагоршыцца, калі рэжым Лукашэнкі сапраўды калі-небудзь увядзе беларускія войскі на тэрыторыю Украіны, то гэтыя меры могуць быць прынятыя і без напрацовак экспертнай групы. Калі Беларусь будзе пастаўлена на ўзровень Сірыі, Кубы, Паўночнай Карэі, то наступствы для беларускага насельніцтва, безумоўна, дрэнныя.
Лукашэнка заяўляе, што санкцыі — гэта час магчымасцяў. Маўляў, ёсць жа яшчэ Кітай, Расія і іншыя краіны.
— Кітаю Беларусь перш за ўсё была цікавая як плацдарм для выхаду на еўрапейскую гандлёвую прастору. Таму з Кітаем тут усё вельмі супярэчліва, — кажа Аляксандр Фрыдман. — Паміж Расіяй і Беларуссю вялікае адрозненне ў тым, што ў РФ яшчэ ёсць нейкія ўласныя рэсурсы і запасы, каб вытрываць у перыяд санкцый і нейкі час праводзіць уласную палітыку. У Беларусі такіх магчымасцяў няма.
Таму трэба ўлічваць, што любыя эканамічныя, палітычныя, культурныя і іншыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі яшчэ больш прывязваюць Беларусь да Расіі. Гэтая залежнасць ужо фатальная і ўжо напэўна куды большая, чым хацеў бы той жа Лукашэнка. Ва ўкраінска-амерыканскім праекце Беларусь і Расія праходзяць вельмі шчыльна. Гэта, на жаль, сведчыць пра тое, што ўкраінскае і амерыканскае кіраўніцтва, напэўна, больш не ўспрымае Беларусь як нешта незалежнае ад Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут