Былы палітвязень і дэсантнік Руслан Акостка цяпер у Іспаніі

30/09/2024 - 17:26

Руслан Акостка / nashaniva.com

Былы палітвязень і дэсантнік Руслан Акостка цяпер у Іспаніі. Ён ужо падаў дакументы на ўцякацтва і плануе пачаць вывучаць іспанскую мову, піша "Наша ніва". Пра эвакуацыю Акосткі з Беларусі з дапамогай дабрачыннага фонду BYSOL стала вядома ў панядзелак. Ён кажа, што за 4 гады намёрзся ў калоніях, таму выбраў краіну з цёплым кліматам і морам. 

Акостка выйшаў на волю ў ліпені 2024-га. Ён быў у зняволенні з лістапада 2020 года. Першапачаткова яго затрымалі за ўдзел у акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Ён прайшоў амаль увесь Салігорск з бел-чырвона-белым сцягам. Суд Салігорскага раёна арыштаваў Руслана на 15 сутак. Але потым на яго завялі і крымінальную справу за "аказанне супраціву супрацоўнікам міліцыі" падчас затрымання ("Я падняў аднаго са слабавікоў — і выпусціў яго на асфальт", — расказвае ён пра тыя падзеі). У выніку былога дэсантніка асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі. Ужо ў калоніі на яго завялі яшчэ адну справу — аб "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы", дадалі яшчэ адзін год. Руслан цалкам адбыў свой тэрмін.

Руслан Акостка палічыў, што яго, як "патэнцыйна небяспечнага чалавека для сістэмы", маглі б зноў пасадзіць перад выбарамі ў 2025 годзе. Таму рашыўся з'ехаць за мяжу, хаця раней гэтага не планаваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі