“Пад шэрым небам”. Як гледачы замежжа ўспрынялі кіно пра беларускіх палітвязняў

30/09/2024 - 15:08

Кадр з фільма "Пад шэрым небам" / Media Corporation

28 верасня на 49-м фестывалі польскага ігравога кіно ў Гдыні ўзнагародзілі стужку “Пад шэрым небам” беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч. Фільм апынуўся найлепшым у конкурсе “Перспектывы”, аўтарка атрымала прыз за “Рэжысёрскі дэбют ці другі фільм”.

Еўрарадыё расказвае, пра што фільм, як на яго адрэагаваў прататып рэальнага героя, а таксама, як адгукнуліся амерыканскія і польскія гледачы.

 

“Чыста стылістычна — гэта не маё кіно”

“Пад шэрым небам” — гэта гісторыя маладой сям’і журналістаў, адносіны якіх разгортваюцца падчас палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 2020-2022 гады. 

Кадр з фільма "Пад шэрым небам" / Media Corporation

Тэлежурналістку тэлеканала “Белсат” Алену (яе грае Аляксандра Вайцяховіч) арыштоўваюць і садзяць у турму падчас вядзення стрыма з Плошчы Пераменаў, калі там праходзіць Марш памяці Рамана Бандарэнкі. З-за кратаў яе беспаспяхова спрабуе вызваліць яе муж Ілля (Валянцін Навапольскі).

Фільм стаў лагічным развіццём папярэдняй кароткаметражнай працы Тамковіч “У жывым эфіры”. Абодва фільмы хоць і з’яўляюцца мастацкай выдумкай, шмат у чым абапіраюцца на рэальныя факты.

Асновай сюжэта сталі сапраўдныя рэпрэсіі ў дачыненні да журналістак тэлеканала “Белсат” Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай, якіх затрымалі падчас вядзення стрыму 15 лістапада 2020 года і асудзілі на два гады зняволення. 

Потым Андрэеву дадаткова асудзілі на 8 год і 3 месяцы зняволення па артыкуле “Дзяржаўная здрада”. На волі застаўся яе муж — журналіст Ігар Ільяш.

Лаўрэаты 49-га фестываля польскага ігравога кіно ў Гдыні / Pomorska fundacja filmowa

“Цяжка не застацца абыякавым да прадстаўленых герояў, але эмоцыі я адчуў толькі ў першыя і апошнія хвіліны. Кіно займальнае, але яно будзе цікавейшым для людзей, якія разбіраюцца ў тэме”, — зазначыў глядач. 

“Самае страшнае, што мне даводзілася пастаянна нагадваць сабе, што гэта не 80-я і не 90-я, а 2020 год”, — напісаў карыстальнік dorolkazu, магчыма, маючы на ўвазе часы супрацьстаяння грамадзянскага руху “Салідарнасць” і Ваеннай рады на чале з генералам Войцехам Ярузельскім.

Аюшу Шарму ў сваю чаргу вельмі спадабаліся акторскія працы Аляксандры Вайцяховіч і Валянціна Навапольскага.

“Аповед Тамковіч — гэта няўхільны погляд на асабістыя ахвяры, якіх патрабуе палітычная актыўнасць. Напружанне ў фільме адчувальнае, яно адлюстроўвае гнятлівую атмасферу з дапамогай жорсткай, захапляльнай кінематаграфіі”.

Глядач Мацей Пэпюрка прахалодна зрэагаваў на фільм.

“Правільны, часам шакуючы, але паводле пастаноўкі і формы шэры, як неба ў лістападзе”, — падсумаваў мужчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі