ДФР дагэтуль не вярнуў выдавецтву 500 асобнікаў кнігі "Рэвалюцыя"

17/07/2021 - 10:36

Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў дагэтуль не вярнулі выдавецтву "Кнігазбор" больш за 500 асобнікаў кнігі Віктара Марціновіча "Рэвалюцыя". З сярэдзіны студзеня ў іх працягваюць "шукаць экстрэмізм".

Дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі распавёў, што "справа "Кнігазбора" і іншых кнігароў закрытая. Тэхніку вярнулі, а кнігі не, бо вынікаў экспертызы ў іх [сілавікоў] няма".

13 студзеня ў офіс "Кнігазбору", а таксама дадому і ў гараж да яго кіраўніка Генадзя Вінярскага прыйшоў ДФР. Сілавікі забралі на "экспертызу" 560 асобнікаў "Рэвалюцыі" Віктара Марціновіча і 150 камплектаў налепак "Нагода да карагода". Іх дагэтуль не вярнулі, бо адзін з чальцоў камісіі, якая павінна праверыць усё гэта на экстрэмізм, захварэў. Таксама былі арыштаваныя рахункі выдавецтва — іх разблакавалі толькі ў чэрвені.

Тады ж, у сярэдзіне студзеня ДФР затрымліваў кіраўніка інтэрнэт-кнігарні knihi.com Алесея Яўдаху і дырэктара выдавецтва "Янушкевіч" Андрэя Янушкевіча. Пасля допытаў іх адпусцілі ў той жа дзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі