Дэпутаты пра вынікі працы у парламенце: Удалося прыняць закон па насенняводстве

05/07/2016 - 16:35

З 3 ліпеня ідзе рэгістрацыя кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Многія дэпутаты вырашылі пераабірацца на яшчэ адзін тэрмін.

Еўрарадыё вырашыла разабрацца, ці выканалі народныя абраннікі абяцанні, якія давалі выбаршчыкам чатыры гады таму.

“Стварэнне сістэмы дзяржаўных гарантый, ўкараненне найноўшых тэхналогій і замену састарэлага вытворчага абсталявання. Абавязковае прыцягненне навукоўцаў-практыкаў ва ўсе сферы сельскай гаспадаркі, шырокае ўкараненне сучасных навуковых распрацовак у тэхналогію сельгасвытворчасці. Развіццё малога і сярэдняга бізнесу ў малых гарадах і сельскіх населеных пунктах, што дазволіць адкрыць там дадатковыя працоўныя месцы”, — абяцае ў сваёй праграме чатыры гады таму кандыдат у дэпутаты Анатоль Байко.

Праз чатыры гады ён называе… закон па насенняводстве, які ўдалося прыняць. У наступных выбарах удзельнічаць не збіраецца.

“Я ўваходзіў у склад аграрнай камісіі, калі ствараліся чатыры прэзідэнцкія ўказы, уваходзіў у склад з дарадчым голасам. Некалькі законаў ўдалося правесці, якія тычыліся зямлі і дзяржрэгістрацыі”, — апісвае сваю дзейнасць у Палаце прадстаўнікоў Анатоль Байко. А як жа найноўшыя тэхналогіі і дадатковыя працоўныя месцы…

Дэпутат Валерый Барадзеня шкадуе, што не ўдалося за чатыры гады "адрэмантаваць" парк “50-годдзя кастрычніка” у Мінску. Хаця пра гэта было ў яго перадвыбарчай праграме ў 2012 годзе.

“Адзінае, што не ўдалося. Я абяцаў паклапаціцца пра лёс парка "50 годдзя кастрычніка". Гэта ў раёне стадыёна “Трактар”. Але там так усё і засталося, бо гэта сур’ёзныя фінансавыя сродкі. Планы ёсць, вядома”, —  абяцае Валерый Барадзеня.

Такімі былі тэзісы праграмы Вольгі Палітыка ў 2012 годзе:

“Усе найважнейшыя законапраекты абавязкова павінны праходзіць праз шырокае грамадскае абмеркаванне. Якасная заканадаўчая база фармуе аснову для мадэрнізацыі эканомікі. Мы павінны скараціць разрыў з вядучымі краінамі свету па прадукцыйнасці працы і энергаэфектыўнасці за кошт мадэрнізацыі эканомікі, укаранення інавацый, прыцягнення інвестыцый, стварэння высокапрадукцыйных працоўных месцаў”.

Цяпер Вольга зноў будзе змагацца за дэпутацкі мандат, а ў праграму ўключыць…базу са старой праграмы.

“Праграма засталася актуальнай, база будзе той жа, тыя ж прыярытэты. Каб наша заканадаўства забяспечвала дастойны ўзровень аплаты працы, каб аказвалася адрасная сацыяльная дапамога, каб заканадаўчая база дазваляла развівацца эканоміцы”.

Дэпутат з Полацка Наталля Гуйвік таксама зноў будзе змагацца за дэпутацкае крэсла. У 2012 годзе Наталля гаварыла пра развіццё Полацка, абяцала ўдасканальваць заканадаўства і сістэму найму па кантрактнай дамове.

“У мяне былі чатыры заканадаўчыя ініцыятывы: абарона жывёл, дармаедства, увядзенне аліментных абавязкаў для дзяцей, якія атрымоўваюць першую вышэйшую адукацыю. Такая ініцыятыва ўнесеная, але ёсць тыя, хто не пагаджаецца. І чацвёртая было: унясенне зменаў ў Працоўны кодэкс. Там дадатковыя падставы для звальнення па ініцыятыве наймальніка”, — падлічвае Наталля Гуйвік.

Закон “Аб абароне жывёл”, праўда, пакуль прыняты толькі ў першым чытанні.

Фота: belmarket.by, ctv.by. kopyl.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі