"Дата генератар": 20 лютага 1387 года — Дзень попелу

20/02/2021 - 15:34

У снежні 1386 года вялікі князь Літвы Ягайла, якога ў сакавіку польскія магнаты і дзеячы касцёла абралі каралём пад іменем Уладзіслаў II, прыехаў у Вільню з групай польскіх прыдворных, некалькіх дзясяткаў ксяндзоў і манахаў, каб здзейсніць сімвалічны акт “хрышчэння Літвы”. Сімвалічным ён быў таму, што хрышчэнне прынялі толькі сваякі Ягайлы, баяры з яго асабістай дружыны, частка мясцовых знатных людзей і жыхароў Вільні.

Ягайла спачатку два месяцы пераконваў баяраў, знатных і простых людзей забыцца пра “лжывых багоў”, каб прыняць хрышчэнне і шанаваць адзінага Бога. Але народ сустрэў яго словы варожа. Тады Уладзіслаў 20 лютага 1387 года загадаў загасіць святое вогнішча, разбурыць ахвярнік і само капішча ў Вільні, высечы святую дуброву. А жыхарам краіны загадаў забіць усіх вужак і змей, якіх яны трымалі ў сваіх хатах. 

Капішча трох галоўных багоў знаходзілася ў дуброве побач з месцам зліцця Віліі і Вілейкі, ля падножжа гары, пазней названай Замкавай. Яно было заснавана ў 1265 годзе пасля таго, як тэўтонцы скарылі ўсю Прусію, дзе яно было раней. Гэта быў двор, акружаны высокай сцяной. Даўжыня яго была 67 м, шырыня — 45, вышыня — 6,7. Уваход знаходзіўся з боку ракі. Побач з капішчам жыў галоўны жрэц Крыве разам са жрацамі і жрыцамі, якія падтрымлівалі незгасальны агонь дубовых дроў у ахвярніку і маліліся багам. Побач стаяла драўляная вежа, з якой Крыве аб'яўляў народу волю багоў. Другое капішча, прысвечанае усім астатнім багам, знаходзілася на Антокалі.

Аднак народ зацята трымаўся старой веры. Напрыклад, жыхары Жамойці пачалі прымаць хрышчэнне толькі з 1412 года. Пасля разбурэння капішча найвышэйшыя паганскія святары (Крыве) разам са сваімі памагатымі хаваліся ў лясах. Гінтаўт, апошні, 74-ы Крыве (лічачы ад 523 года), памёр 28 ліпеня 1414-га ў лясной вёсцы, на 27 годзе пасля “хрышчэння Літвы”, быццам усеагульнага. 

Жамойты і продкі беларусаў стагоддзямі працягвалі збірацца ў глухіх месцах, запальваць святыя вогнішчы, маліцца сваім багам і ў XVI стагоддзі, і ў XVII стагоддзі, і нават у XVIII стагоддзі, а дзе-нідзе і ў першай палове XIX стагоддзя! Бо балтыйскае паганства было моцнай, прыгожай і вельмі “экалагічнай” тутэйшай традыцыяй, тады як хрысціянства стварылі габрэі ў далёкай спякотнай Палесціне, дзе няма ні лясоў, ні балот, ні кабаноў з зубрамі, дзе ўвесь лад жыцця зусім іншы.

Вялікае Княства мела дзве галоўныя часткі — заходнюю (Літву) і ўсходнюю (Русь). У абедзвюх частках жылі балцкія плямёны, якія складалі чатыры буйныя звязы — Яцвягаў, Крывічоў, Дрыгавічоў, Радзімічаў. Усе яны славянізаваліся, але ва ўсходняй частцы ВКЛ славянізацыя ішла хутчэй, у заходняй — павольней. І ў Літве, і на Русі хрысціян было мала, яны жылі ў гарадах, мястэчках ці замках. А ў Жамойці іх зусім не было.

Паганства — гэта шанаванне шматлікіх багоў і багінь. Сярод іх былі тры галоўныя: Пярун — бог неба, маланкі, ападкаў, вайны і ваяроў; Ярыла — бог маладосці, рэк і крыніц; Вялес — бог старасці і смерці, падземнага свету, а таксама бог жывёл. 

Пярун — магутны барадаты мужчына з барадой, узброены двухбаковай сякерай. Ён імчыцца па небе на двухколавым возе, запрэжаным двума велізарнымі казламі. Яе грукат — гром, узмахі сякеры — маланкі. Ён галоўны ў трыядзе. Дрэва Перуна — дуб. Яго жывёлы — бык і казёл. Яго месцы — узгоркі і дубровы. Дзень Перуна — чацвер. У гэты дзень палілі вогнішчы ў гонар грамабоя.

Ярыла — юнак у вянку з каласоў. Гэта бог вясны, маладосці, урадлівасці і поспеху ў бітвах. Вялес — бледны стары з доўгай сівой барадой. Гэта бог “ніжняга” (падземнага) свету, старасці і смерці. Амаль у кожнай хаце нашы продкі трымалі вужак ці змей (жывёл падземнага свету Вялеса), кармілі іх малаком і маладымі пеўнічкамі.

На пачатку кастрычніка, пасля збору ўраджаю, разам з жонкамі, дзецьмі, усёй радзінай яны ішлі ў святыя дубровы, і там тры дні рэзалі ў гонар багоў быкоў, казлоў і пеўняў. Пілі піва, балявалі і скакалі. 

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі