"Дата генератар": 1 сакавіка 1566 года — другі Статут ВКЛ

01/03/2021 - 10:26

З 1529 года ў ВКЛ дзейнічаў Асноўны закон — Статут. Аднак даволі хутка жыццё паказала, што ён патрабуе дапрацоўкі. І вось у лістападзе 1551 года была створана Статутная камісія з 5 каталікоў і 5 праваслаўных. Узначаліў яе біскуп Ян Даманоўскі (каталік), якога змяніў канцлер Мікалай Радзівіл Чорны (кальвініст). Праз спрэчкі па шэрагу артыкулаў Статут быў зацверджаны каралём Жыгімонтам II Аўгустам толькі ў 1566-м. (У той час ішла напружаная палітычная барацьба паміж прыхільнікамі і сапернікамі аб'яднання ВКЛ з Польшчай, паміж прыхільнікамі і сапернікамі Рэфармацыі.)

Другі Статут быў значна большы за першы. Ён складаўся з 367 артыкулаў у 14 частках. Першыя тры раздзелы — дзяржаўнае права, 4-ы — суды і судовы працэс, 5-ы і 6-ы — сямейнае права, 7-ы — грамадзянскае права, 8-ы — пра тастаменты, 9-ы — пра зямельныя спрэчкі, 10-ы — пра лясы і воды, 11–14-ы — крымінальнае права.

У Статут увайшлі тры прывілі. Прывілей 1563 года, каб не дапусціць рэлігійнай вайны, усталяваў раўнапраўе каталіцкай і праваслаўнай шляхты. Прывілей 1564-га аформіў стварэнне шляхецкіх судоў, незалежных ад княжацкай адміністрацыі. Прывілей 1565-га аформіў дзейнасць павятовых сеймікаў шляхты.

Галоўнымі прынцыпамі Статута былі: суверэнітэт дзяржавы, абмежаванне ўлады манарха, падпарадкаванасць закону ўсіх суб'ектаў права, у тым ліку вялікага князя. Праўда, пры гэтым за шляхтай прызнаваліся розныя льготы і перавагі. Абмежаванне ўлады манарха ў адных выпадках было выкладзена ў форме клятвы князя захоўваць правы шляхты, у іншых — як прамая забарона. Яму забаранялася без дазволу сойма пачынаць вайну, уводзіць падаткі на ваенныя патрэбы, выдаваць законы, што супярэчаць Статуту, пазбаўляць падданых пасад і званняў. Статут усталяваў, што новыя законы можна прымаць толькі на вальным сойме з агульнай згоды ўсіх дэпутатаў. Статут гарантаваў захаванне ўсіх раней аб’яўленых правоў і прывілеяў шляхце.

Вельмі важным было тое, што Статут замацоўваў адасобленасць ВКЛ ад Польшчы і абавязваў вялікага князя клапаціцца пра тэрытарыяльную недатыкальнасць Княства. Асобны артыкул забараняў даваць землі і пасады замежнікам. 

Галоўнай навіной у грамадзянскіх адносінах стала змена ў чэрвені 1566 года артыкула Статута пра права шляхты распараджацца зямлёй у поўным аб'ёме. Усе землеўладальнікі атрымалі поўнае права распараджацца сваёй зямлёй і маёнткамі (а не 1/3 часткай, як у Статуце 1529 года). 

Частка “Аб тастаментах” была прысвечаны пытанням спадкавання рухомай і нерухомай маёмасці ды афармлення тастаментаў.

Статут забараніў браць пад арышт шляхціча на падставе даносу, без доказаў. Упершыню быў вызначаны ўзрост крымінальнай адказнасці — 14 гадоў. А штраф за злачынствы супраць жанчын трэба браць у падвойным памеры.

Па Статуце той, хто падаваў заяву ў суд, павінен быў сам здабываць доказы, каб прад'яўляць іх суду. Адвакатамі маглі быць толькі шляхцічы, якія ведаюць законы. Па справах аб маёмасці адвакатамі маглі быць толькі падданыя вялікага князя, а па цяжкіх крымінальных злачынствах адвакатам мог быць і замежнік.

Статут увёў нормы па ахове лясоў, рэк і азёр, жывёл і птушак, нават пчол.

Статут доўгі час служыў прыкладам і ўзорам сістэматызацыі заканадаўства. Шмат якія яго артыкулы апярэджвалі свой час. Не дзіўна, што яго перакладалі на латынь, польскую, нямецкую, рускую мовы.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі