Данкверт паведаміў, пры якіх умовах рэабілітуе беларускае малако

12/03/2018 - 18:23

Расія можа адмовіцца ад увядзення санкцыяў супраць беларускага малака. Пра гэта заявіў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт, перадае ТАСС. Умовай для гэтага ён назваў пазітыўныя вынікі працы расійскай інспекцыі. 

"Мы з імі зараз узгоднім механізм правядзення інспекцый, гэтым займаецца мой намеснік. І цалкам верагодна, што і не будзем закрываць. Таму што калі з наступнага тыдня паедзем на інспектаванне таго, што выклікае ў нас падазрэнне, мы знойдзем агульную мову. Мы ў працэсе", — патлумачыў расійскі чыноўнік.

Рассельгаснагляд ужо двойчы пераносіў дату санкцыяў супраць паставак беларускага малака. Спярша называлася дата 26 лютага, пазней — 6-га і 15 сакавіка. Гэтыя пераносы Данкверт патлумачыў тым, што ідуць перамовы. "Бо нашы беларускія калегі таксама не вельмі хочуць, каб да іх прыязджалі і штосьці ў іх глядзелі. Таму ідзе нармальны працоўны працэс, нічога асаблівага. Я думаю, што не ў інтарэсах Беларусі зацягваць з інспекцыяй", — дадаў ён.

Расійская інспекцыя на беларускія прадпрыемствы, па яго словах, плануе выехаць пасля 18 сакавіка. Цяпер узгадняецца спіс прадпрыемстваў ды іншыя пытанні. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі