Дабрачынная арганізацыя "Водгук" апынулася пад пагрозай ліквідацыі

10/12/2015 - 13:09

Магілёўская дабрачынная грамадская арганізацыя “Водгук", якая дапамагае бедным сем’ям, змагаецца за працяг свайго існавання. Яе новы юрыдычны адрас не прызнае Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. Пасля пераезду арганізацыі на новы офіс рэгіструючы орган адмовіўся ўносіць змены ў Статут "Водгука". Галоўная прэтэнзія чыноўнікаў у тым, што па пазначаным адрасе ўжо зарэгістраваная іншая грамадская арганізацыя, а два офісы па адным адрасе ― недапушчальная практыка.

Старшыня "Водгука" Яўгенія Цюркіна тлумачыць, што раней у іх быў большы офіс, але з-за фінансавых складанасцяў яны мусілі пераехаць у іншае месца.

"Я займаюся шматдзетнымі малазабяспечанымі сем’ямі. Апошнія два гады мы вядзем аздараўленне па Беларусі. Гуманітарную дапамогу мы больш не атрымліваем, бо больш няма для яе памяшкання. Калі наша арганізацыя размяшчалася па іншым юрыдычным адрасе, то ў нас усё было добра. Там былі і пакоі, і месца для гуманітаркі, але адтуль мы з’ехалі. Гуманітарка і цяпер прыходзіць, аднак мы ад яе адмаўляемся, бо яе няма дзе захоўваць".

Праваабаронца Уладзімір Краўчанка дапамагае "Водгуку" захаваць рэгістрацыю. Ён мяркуе, што паводле закона, па адным юрыдычным адрасе могуць размяшчацца дзве арганізацыі.

"Галоўнаму ўпраўленню юстыцыі была своечасова прадастаўленая дамова, заключаная паміж уласнікам памяшкання і дабрачыннай арганізацыяй “Водгук”. Але прычына нерэгістрацыі зусім незразумелая, бо, паводле закона, уласнік мае права здаваць грамадскім арганізацыям памяшканні. Пры гэтым ён можа не толькі адной арганізацыі здаваць адно і тое ж памяшканне, а адразу некалькім. Тым часам упраўленне юстыцыі, верагодна, лічыць, што наша краіна багатая і кожная грамадская арганізацыя мусіць мець уласнае памяшканне," ― кажа Краўчанка.

Праваабаронца адзначае, што існуе прэзідэнцкі Дэкрэт №1 ад 16 студзеня 2009 года “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання”. Ён дазваляе рэгістрацыю некалькіх грамадскіх арганізацый па адным юрыдычным адрасе.

На гэтай падставе “Водгук” звярнуўся са скаргай у абласны суд. Кіраўніцтва арганізацыі хоча прызнаць рашэнне Упраўлення юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі новага адраса неправамерным, абавязаць дзяржаўны орган зарэгістраваць новы адрас, а таксама ускласці на дзяржаву судовыя выдаткі, звязаныя з гэтай справай.

Старшыня "Водгука" Яўгенія Цюркіна кажа, што іх арганізацыя апынулася ў складаным становішчы і не зацвярджэнне новага адраса можа паставіць кропку на іх існаванні. Суд мае адбыцца 15 снежня.

фота: pixabay.com

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі