Ціханоўская звяртаецца да сілавікоў: "Дапамажыце сабе — пакажыце Бабарыку"

28/04/2023 - 18:42
Святлана Ціханоўская / Flickr/Office of Sviatlana Tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская запісала відэазварот да беларускіх сілавікоў. Яна заклікае іх паведаміць пра стан Віктара Бабарыкі.

Удзень 28 красавіка паплечнікі Віктара Бабарыкі паведамілі, што не ведаюць пра яго месцазнаходжанне. Ім нічога не гавораць ні ў калоніі, ні ў наваполацкай лякарні, куды напярэдадні даставілі палітвязня.

Па словах Ціханоўскай, ні адвакаты, ні сваякі Бабарыкі не могуць дагэтуль пабачыць, у якім стане ён знаходзіцца. Некалькі дзён таму яго даставілі з калоніі ў лякарню моцна збітым. Пазней з неафіцыйных крыніц стала вядома, што ў лёгкіх у Бабарыкі выявілі вадкасць.

Лідарка дэмсілаў нагадвае атачэнню Лукашэнкі, што пры любой змене сітуацыі ён будзе ратаваць толькі сябе.

"Сам па сабе будзе Алег Маткін, на якога Лукашэнка зваліць усю паўнату адказнасці за нечалавечыя ўмовы, у якіх утрымліваліся палітвязні. Сам па сабе будзе Андрэй Швед, які будзе расплачвацца за ўсе абвінавачванні і запрошаныя тэрміны. Сам па сабе будзе Дзмітрый Гара, калі ўсе гэтыя расследаванні справядліва назавуць сфабрыкаванымі. Сам па сабе будзе Іван Кубракоў, бо за шматразовае перавышэнне паўнамоцтваў, катаванні і смерці звычайных грамадзян, якія паследавалі ў іх выніку, хтосьці павінен будзе адказаць", — кажа Ціханоўская.

Яна адзначае, што звесткі пра іншых палітвязняў таксама даходзяць з цяжкасцю. Ужо месяц нічога невядома пра Сяргея Ціханоўскага, 75 дзён няма звестак ад Мікалая Статкевіча, з 20 лютага нічога не чуваць пра Ігара Лосіка...

Лідарка дэмсілаў заклікае сілавікоў падзяліцца інфармацыяй. "Зрабіце гэта не толькі дзеля сваёй будучыні, але і дзеля таго, каб заставацца чалавекам", — дадае Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі