Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Спецпрадстаўнік Трампа Джон Коўл мусіў у траўні ізноў наведаць Беларусь, але ў выніку гэты візіт быў перанесены. У адным з эфіраў Еўрарадыё палітолаг Аркадзь Мошас выказаў сумневы ў тым, што перамовы паміж Вашынгтонам і Мінскам будуць працягнутыя ў бліжэйшы час.
Аднак лідарка беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская нядаўна размаўляла з Коўлам і кажа, што прагноз занадта песімістычны.
"Перамовы працягваюцца, яны ідуць досыць цяжка, хачу адзначыць, але ж гэта яўна не канец перамоўнага працэса. Таму я спадзяюся, не буду казаць пра нейкую часовую рамку, але спадзяюся, што мы досыць хутка ўбачым вызваленне новай групы людзей", — сказала Ціханоўская ў эфіры Еўрарадыё.
Ціханоўская дадала, што мы абмеркаванні вызвалення кожнай группы палітвязняў з'яўляецца шэраг пытанняў: напрыклад, ці змогуць яны застацца ў Беларусі ці будуць вымушаныя з'ехаць, а калі так — дык куды, на якіх умовах, з якімі дакументамі.
"І гэта ўсё трэба абмяркоўваць, і пазіцыі рэжыма могуць мяняцца кожны дзень. Таму я б не была такой песімістычнай, як спадар Мошас".
Аднак Ціханоўская нагадвае, што Беларусь — "закладніца больш шырокага геапалітычнага кантэксту", таму ўплыў мае і дынаміка сітуацыі на вайне ва Украіне і магчымасць уцягвання ў яе Беларусі.
"Але там [у ЗША] не губляюць імкненне выратаваць усіх закладнікаў з беларускіх турмаў. Там добра разумеюць словы прэзідэнта Трампа. 1300 як мінімум закладнікаў павінны быць вызвалены. І таму яго каманда над гэтым працуе"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут