Ціханоўская стварае Каардынацыйную раду для трансферу ўлады

14/08/2020 - 13:41

Святлана Ціханоўская абвяшчае пра стварэнне Каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады. Гэтая мера, па яе словах, неабходная для аднаўлення законнасці ў Беларусі. Ціханоўская гатовая да дыялогу з уладамі. Адпаведная заява з'явілася ў Telegram-канале "Пул Першай".

Штаб Ціханоўскай працягвае працу, і кіруе ім паранейшаму Марыя Мароз. "Яна знаходзіцца са мной і працягвае кіраваць штабам. Я пацвярджаю паўнамоцтвы Вольгі Кавальковай і Мікалая Казлова як маіх давераных асоб, якія будуць каардынаваць дзеянне майго штаба ў Беларусі", — піша Ціханоўская.

У Каардынацыйную раду могуць увайсці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, паважаныя і вядомыя беларусы, прафесіяналы сваёй справы. Заяўкі ад арганізацый і аб'яднанняў грамадзян будуць прымаць Вольга Кавалькова і адвакат Максім Знак.

"Дзякуй усім людзям, усім арганізацыям, якія падтрымалі мяне і гатовыя дапамагчы ў перамоўным працэсе. Я прашу вас аб'яднацца ў каардынацыйную раду. Нам вельмі патрэбная ваша дапамога і досвед. Нам патрэбныя вашыя сувязі, кантакты, экспертныя парады і падтрымка. У гэтую каардынацыйную раду павінны ўвайсці ўсе, хто зацікаўлены ў дыялогу і мірнай перадачы ўлады —працоўныя калектывы, партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці", — заклікае Ціханоўская.

Яна выказала спачуванне ўсім пацярпелым у гэтыя дні і іх сем'ям. 

Ціханоўская пералічыла патрабаванні да ўлады, якія стануць паказчыкам гатоўнасці да дыялогу: 

"Улада павінна паказаць гатоўнасць да дыялогу з народам.
Гэта значыць, адпусціць усіх затрыманых.
Гэта значыць, прыбраць з вуліц гарадоў АМАП і войскі.
Гэта значыць, пачаць крымінальную справу супраць тых, хто аддаваў злачынныя загады збіваць і страляць у людзей"
.

Мэраў гарадоў яна заклікае ў рамках сваіх кампетэнцый арганізаваць законныя і мірныя мітынгі на плошчах гарадоў. 

Супрацоўнікаў міліцыі, войска ды іншых сілавікоў Ціханоўская заклікае не выконваць злачынных загадаў: "Пагаварыце з вашым начальствам, спыніце кровапраліццё. Вы давалі прысягу служыць Рэспубліцы Беларусь і свайму народу. Мы, людзі будзем удзячныя кожнаму, хто стане на бок народа".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі