Чыноўнікі прапануюць перагледзець сацстандарты абслугоўвання насельніцтва

24/06/2024 - 11:04

"На шэрагу прыгарадных маршрутаў пасажырапатоку амаль няма" / vk.com/publicbudniby

На нядаўнім пасяджэнні Пружанскага райвыканкама разглядалі выкананне "нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў абслугоўвання насельніцтва". Было агучанана, што амаль усе яны выконваюцца: асабліва гэта датычыць жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі, сувязі, транспарту, сацыяльнага абслугоўвання, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання.

А вось выкананне ўстаноўленых нарматываў сацстандартаў у галіне культуры не забяспечана (па паказу фільмаў у аграгарадках Белавусаўшчына, Калядзічы, Стараволя). Праблемы з забеспячэннем фізкультурна-спартыўнымі збудаваннямі ў аграгарадках Калазубы і Роўбіцк, а таксама з "бюджэтнай забяспечанасцю выдаткаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара".

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч заявіў, што наспеў час перагледзець нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў, "бо не ўсе яны адпавядаюць сучаснасці". Чыноўнік задаўся пытаннем, ці патрэбна прывозіць фільмы, калі народ у глядзельныя залы не ходзіць? Зараз кожны мае магчымасць, не выходзячы з дому, паглядзець любы фільм, адзначыў ён.

"Ці ёсць неабходнасць забяспечваць маланаселеныя пункты стадыёнамі, на якіх няма каму займацца спортам? — пераказвае словы Грышкевіча раённая газета. — Ды і немалаважнае пытанне: хто і за якія сродкі будзе іх абслугоўваць? Міхаіл Міхайлавіч таксама канстатаваў факт, што і ў плане забеспячэння грамадскім транспартам не ўсё так адназначна. На шэрагу прыгарадных маршрутаў пасажырапатоку амаль няма. Аднак, нягледзячы на вялікія выдаткі, якія церпіць наш аўтапарк, аўтобусы па іх ездзяць".

Таму "адпаведным службам было даручана праманіторыць неабходнасць некаторых сацстандартаў і звярнуцца са сваімі прапановамі да дэпутацкага корпусу парламента", адзначае выданне.

Дарэчы, выкананне сацстандартаў рэгулярна адсочвае пракуратура. Напрыклад, гэтай вясной правяралі ў Пінскім раёне той жа Брэсцкай вобласці. Пінскія чыноўнікі тады таксама загаварылі, што "дзеючыя нарматывы вызначаны больш за дваццаць гадоў таму і ўжо не ва ўсіх выпадках рацыянальныя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі