Чыноўнікі не рэкамендуюць беларусу хадзіць у белых шкарпэтках з чырвонай паласой

14/04/2021 - 13:27

Жыхар Узды даслаў у мясцовы выканкам пытанне: ці можна яму выйсці на вуліцу ў белых шкарпэтках з чырвонай паласой, кепцы бела-чырвонага колеру і са значком з "Пагоняй" на заплечніку? 

Мужчына кажа, што не збіраўся "троліць" улады, а проста перасцярогся, каб яго не затрымалі за вопратку ў колерах, якія апошнім часам лічацца ў Беларусі "палітычнымі".

"Справа ў тым, што я ўжо прыцягваўся паводле арт 23.34 КаАП у лістападзе мінулага года — трапіў у акружэнне на сталічнай "Плошчы Пераменаў" 15 лістапада, падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Цяпер, калі што, мне ўжо пагражае паўторнае парушэнне, а гэта па абноўленым КаАП — да 30 сутак. Убачыў яшчэ 27 сакавіка артыкул на TUT.BY, што людзей пасля Дня Волі судзілі і за значкі, і за шкарпэткі... Вось і вырашыў узгадніць свой "лук" з выканкамам загадзя — усё адно, мне здаецца, у краіне ўжо даўно ўсё да гэтага ідзе", — патлумачыў мужчына ў каментары TUT.by.

Да заявы ён прыклаў фота шкарпэтак, кепкі і значка, з якім планаваў выходзіць на вуліцу.

12 красавіка прыйшоў адказ за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Сакаловай.

"Па маральна-этычных нормах не варта выкарыстоўваць спалучэнне чырвона-белага колеру ў вопратцы падчас масавага мерапрыемства, бо ў беларускага народа гэта асацыюецца са злачынствамі нямецка-фашысцкіх акупантаў і іх памагатых на тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны", — гаворыцца ў дакуменце.

Таксама там прыводзіцца цытата з галоўнай афіцыйзнай газеты "СБ. Беларусь сегодня", у якой бел-чырвона-белы сцяг звязваецца з нацысцкімі калабарантамі і карнымі аперацыямі. 

Пасля гэтага жыхара Узды папярэджваюць пра адміністрацыйную адказнаць за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. "На падставе вышэйпададзенага наяўнасць на вас элементаў адзення ў чырвона-белым колеры і герба "Пагоня" падчас правядзення масавага мерапрыемства можа быць успрынятая грамадзянамі як ушчамленне іх законных правоў і інтарэсаў — і пацягнуць за сабой парушэнне грамадскага парадку", — канстатуе чыноўніца.

Між тым, гістарычны герб "Пагоня" ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Праўда, гэта не перашкаджае міліцыянтам затрымліваць людзей з гэтым гербам, а суддзям — выносіць прысуды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі