Чым адрозніваецца справаздача назіральнікаў АБСЕ пасля выбараў 2010 і 2015 года

14/10/2015 - 15:09

Назіральнікі за прэзідэнцкімі выбарамі ад Парламенцкай Асамблеі і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ 12 кастрычніка прадставілі свае папярэднія вынікі.

Высвятляем, чым па асноўных крытэрыях адрозніваецца гэтая прамежкавая справаздача ад фінальнай справаздачы, якая рабілася па мінулых прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.

Доўгі шлях да дэмакратычных выбараў

У гэтай, як і ў мінулай, справаздачах адзначаецца, што Беларусь мае прайсці значны шлях да выканання сваіх абавязкі ў межах АБСЕ. Але апошняя справаздача звяртае ўвагу на вызваленне палітвязняў, што з’яўляецца станоўчым момантам.

Магчымасці для кандыдатаў

У фінальнай справаздачы па мінулых прэзідэнцкіх выбарах падкрэсліваюцца няроўныя ўмовы для кандыдатаў і абмежаванні ў медыя-асяроддзі. У справаздачы гэтага года назіральнікі кажуць пра паляпшэнне ўмоваў агітацыі:

“У кандыдатаў меўся свабодны доступ да СМІ, прайшлі дэбаты, але менавіта дзеючы прэзідэнт быў найбольш заўважным з-за шырокага асвятлення яго дзейнасці, як службовай асобы”.

Разам з тым перадвыбарная агітацыя была мала заўважнай і стала больш яскравай толькі апошнімі тыднямі, пішуць назіральнікі.

Па меркаванні назіральнікаў, станоўчым момантам стала вялікая доля жанчын у складзе выбарчых камісій. Яны склалі 59% тэрытарыяльных і 72% участковых выбарчых камісій. Да таго ж, адным з кандыдатаў у прэзідэнты таксама была жанчына.

Перадузятасць выбарчай адміністрацыі

У справаздачы па мінулых выбарах назіральнікі асабліва адзначаюць адсутнасць незалежнасці і перадузятасць выбарчай адміністрацыі.

У сёлетняй справаздачы гаворыцца пра добразычлівасць ЦВК у дачыненні да міжнародных назіральнікаў, але ў агульным некаторыя ўдзельнікі выбарчага працэсу выказваюць сумнеў у незалежнасці і неперадузятасці выбарчых камісій.

Нарматыўна-прававая база

На справаздачы па мінулых прэзідэнцкіх выбарах звяртаецца ўвага, што ў выбарчае заканадаўства ў студзені 2010 года былі ўнесеныя пэўныя змены, якія даўно рэкамендавала зрабіць АБСЕ.

У гэтым жа годзе нарматыўна-прававая база істотна не змянілася з мінулых выбараў. Раней яна была ацэненая, як тая, якая недастаткова забяспечвае правядзенне выбараў у адпаведнасці з абавязкамі Капенгагенскага дакумента АБСЕ 1990 года.

Празрыстасць

У фінальнай справаздачы па мінулых выбарах звяртаецца ўвага на сістэматычную адсутнасць празрыстасці на ўсіх этапах выбарчага працэсу. Назіральнікі ацанілі падлік галасоў, як дрэнны ці вельмі дрэнны практычна на палове участкаў, на якіх вялося назіранне.

У справаздачы гэтага года звяртаецца ўвага на тое, што на 30% участкаў назіральнікам было адмоўлена ў магчымасці бачыць падлік галасоў. А таксама, што непразрыстымі былі працэсы фінансавання перадвыбарчай кампаніі і працэс разгляду скаргаў.

Стварэнне спісаў выбаршчыкаў

Як у мінулай, так і ў гэтай справаздачы назіральнікі пішуць, што якасць і дакладнасць спісаў выбаршчыкаў выклікае сур’ёзную занепакоенасць. Бо складанне спісаў вядзецца дэцэнтралізавана мясцовымі органамі ўлады па кожным выбарчым участку. Спісы выбаршчыкаў не пераправяраюць на рэгіянальным або нацыянальным узроўні, не існуе і іншых ахоўных механізмаў супраць шматразовай рэгістрацыі і, як следства, шматразовага галасавання.

Дзень выбараў

Паводле справаздачы, пасля выбараў 2010 года, адмоўным момантам былі дзеянні ўладаў пасля выбараў у дачыненні да пратэстоўцаў:

“Вечар дня выбараў быў азмрочаны затрыманнямі амаль што ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама сотняў грамадзян, сярод якіх былі журналісты, змагары за правы чалавека і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці”.

У гэтай справаздачы станоўчым момантам з’яўляецца тое, што перадвыбарная кампанія і дзень галасавання прайшлі спакойна.

Хоць і выглядае, што ў справаздачах мала істотных зменаў, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына засталася задаволеная гэтым дакументам.

“Мяркую, што пры ўсёй важнасці і сур’ёзнасці тут больш увагі звяртаецца на пазітыў. Вось нават давайце параўнаем з выбарамі (парламенцкімі, — Еўрарадыё) 2012 года. Тады назіральнікі былі незадаволеныя падлікамі недзе на 43% участкаў, а цяпер іх 30%. Ужо зніжэнне дэфектаў, хоць бы і ў колькасным выражэнні”, — тлумачыць сваю пазіцыю старшыня ЦВК.

Фота: armradio.am

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі