Чэмпіёна свету па самба, які падпісаў ліст за новыя выбары, звольнілі з працы

09/12/2020 - 13:27

Чэмпіёна свету і Еўропы па самба, залатога медаліста Еўрапейскіх гульняў Сцяпана Папова звольнілі з цэнтраа алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі". Дакумент аб звальненні ён апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram.

У каментары да фатаздымка самбіст кажа, што яго напаткаў лёс сумленнага беларуса, які не маўчыць.

"Яшчэ некалькі месяцаў таму для чыноўнікаў з міністэрства я быў ледзь не ідэалам спартоўца. Мяне ўдастоілі гонару пранесці агонь Еўрапейскіх гульняў на галоўнай сцэне Мінска... Розныя ўзнагароды і мерапрыемствы... Былі планы, якія тычацца развіцця спорту ў Беларусі. Але так склалася, што пасля ўсіх гэтых жудасных падзей у нашай краіне мяне адразу паспрабавалі зрабіць здраднікам свайго віду спорту і каманды. А потым гэтыя ж чыноўнікі палівалі брудам у прэсе, спрабавалі зняважыць мой гонар і годнасць, прэсавалі ў кабінеце ўласнай залы", — піша Папоў.

Па яго словах, некаторыя сябры па камандзе заяўлялі, што праз яго будуць праблемы ва ўсіх самбістаў. 

Паведамленне, якое атрымаў Сцяпан Папоў / Instagram.com

Папоў звяртаецца да спартоўцаў: "Для чаго патрэбныя медалі і тытулы наогул? Рэжыму сёння ні вашы медалі, ні тытулы не патрэбныя, не спакушайцеся. Гэта было даказана за апошнія тры месяцы. У кароткі тэрмін абясцэнілі заслугі і імёны легендаў беларускага спорту, якія проста не прамаўчалі. Ім патрэбныя толькі пакорлівыя, маўклівыя і ківаючыя прыхільнікі, якія падтрымліваюць толькі тое, што ім скажуць. Так што медалі, якія вы зарабляеце зараз, гэта кавалак жалеза на вашай шыі і кавалак хлеба, які вам за яго дасць гэты рэжым. І абавязкова гэты хлеб забяруць, калі захочуць... У маўклівых гэта зрабіць прасцей за ўсё".

Праўладны ліст, пад якім збіраюць подпісы спартоўцаў, Папоў назваў спробай збіць фокус з асноўных праблем. Па яго словах, праз пэўны час людзям, якія пад ім падпісаліся, будзе сорамна.

Сцяпан Папоў — адзін з падпісантаў ліста спартоўцаў за новыя сумленныя выбары і супраць гвалту сілавікоў. Гэтую ж пазіцыю ён неаднаразова выказваў публічна. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі