Чатыры ВНУ недабралі студэнтаў на бюджэтнае навучанне

30/07/2019 - 15:28

Міністэрства адукацыі абвясціла сёлета дадатковы набор на бюджэтныя месцы ў ВНУ, інфармуе БЕЛТА. Гэта звязана з недаборам студэнтаў. 

Напрыклад, у Горацкай акадэміі засталіся 79 свабодных бюджэтных месцаў на такія спецыяльнасці, як "аграномія", "заатэхнія" і "аграхімія і глебазнаўства". Абітурыентам павінныя падаць сертыфікаты цэнтралізаванага тэставання па вучэбных прадметах "Біялогія" і "Хімія" ад 7 балаў або даведкі пра вынікі здачы ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі па гэтых прадметах.

Па два свабодныя месцы засталіся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (на спецыяльнасць "славянская філалогія") і ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францішка Скарыны (на "беларускую філалогію"). Для паступлення на гэтыя месцы абітурыентам патрабуюцца сертыфікаты цэнтралізаванага тэставання па вучэбных прадметах "Беларуская мова" ад 25 балаў і "Гісторыя Беларусі" ад 15 балаў. Таксама трэба падаць даведку пра вынікі здачы ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі па прадмеце "Беларуская літаратура".

Тры месцы на скарочаны тэрмін навучання засталіся на спецыяльнасць "інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі" ў Палескім дзяржаўным універсітэце.  Ад ахвочых навучацца чакаюць даведку пры вынікі здачы ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі па дысцыплінах "Асновы алгарытмізацыі і праграмавання" і "Ахова працы. Ахова навакольнага асяроддзя і энергазберажэнне".

Падаваць дакументы можна з 30 ліпеня па 1 жніўня, залічэнне пройдзе па 3 жніўня.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі