“Для Украіны стаіць пытанне выжывання”. Абмяркоўваем скандал вакол пакета санкцый / pixabay
Жорсткія спрэчкі выклікала просьба Украіны да ЕС не ўключаць Беларусь у некаторыя санкцыйныя пакеты. Пра тое, што такая просьба нібыта была агучана, распавёў журналіст "Радыё Свабода" Рикард Йозвяк. Рэдактар Еўрарадыё Зміцер Лукашук папрасіў палітолага Аляксандра Класкоўскага патлумачыць пазіцыю Украіны.
— На вайне як на вайне. Для Украіны стаіць пытанне выжывання, і можна зразумець Кіеў. Не дай Бог апынуцца ў такой сітуацыі, 1,2 тыс. кіламетраў агульнай мяжы з Беларуссю — і калі яшчэ і адсюль пачнецца наступ, мала не падасца.
Тут ёсць, чым запярэчыць украінцам, якія занадта наязджаюць на беларусаў і пытаюцца, чаму мы ракеты рукамі не лавілі.
З іншага боку, падыход “на вайне як на вайне” не даравалі Святлане Ціханоўскай, кажа Лукашук. І нагадвае, што палітыку дагэтуль прыпамінаюць словы пра “мудрага Пуціна”.
— Але я не хачу паглыбляцца ў гэтыя контраргументы, бо гэта неканструктыўны шлях. І беларусы мала ведалі і мала ведаюць пра Украіну і украінцаў. І украінцы мала ведаюць пра беларусаў, таму трэба шукаць шляхі паразумення. А ў палітыцы гэта складана, і амаль заўсёды можна знайсці падвойнае дно.
А раптам Украіна баіцца не проста ўварвання з тэрыторыі Беларусі, а ядзернага ўдара? Класкоўскі не думае, што пераход вайны ў фазу ядзернай увогуле магчымы.
— У Расіі і без Беларусі шмат магчымасцяў ударыць па Украіне ядзернай зброяй. Якая розніца, з якога боку прыляціць ядзерная ракета.
Увогуле, калі казаць пра ядзерную тэму, дык Пуціна ўжо абсеклі. Так, ён некаторы час казыраў ядзерным попелам. Але потым на яго сыкнулі: Штаты па закрытых каналах далі выразна зразумець, што будзе ў адказ, і Кітай, наколькі вядома, таксама сказаў сваё слова. Сі Цзіньпіню не вельмі падабаецца, як разгортваюцца падзеі ў нашым рэгіёне. Таму сёння гэтая пагроза адсунулася.
Класкоўскага цікавяць не ўзаемныя абвінавачванні ўкраінцаў і беларусаў, а пазіцыя Бруселя. Чаму ў ЕС пайшлі насустрач такому патрабаванню Украіны, нягледзячы на заявы пра бескампраміснасць у адносінах да лукашэнкаўскага рэжыму? Са словаў Класкоўскага вынікае, што варта падзяляць публічныя заявы і кулуарныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут