“Чаму падлога чорная?” — кіраўнік тэатра ўспамінае, як на сцэну выйшаў АМАПавец

28/01/2016 - 13:33

Кіраўнік “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін адрэагаваў на выказванне начальніка мінскага АМАПа Дзмітрыя Балабы пра падначаленых. Некаторых байцоў палкоўнік назваў “заўзятымі тэатраламі, гісторыкамі, знаўцамі выяўленчага мастацтва…”

“Свабодны тэатр” працаваў у Беларусі нелегальна, месціўся проста ў жылым катэджы. Нягледзячы на такі статус, Мікалай Халезін асабіста таварышуе з галівудскімі зоркамі і акцёрамі сусветнай значнасці, таму, відаць, можа адрозніць тэатралаў ад нетэатралаў.

“У жніўні 2007 года да нас у Беларусь прыехаў французскі рэжысёр Крысціян Бенэдэці, які паставіў спектакль “11 кашуляў” па п’есе Эдварда Бонда. Гэта была прэм’ера “Свабоднага тэатра”. Гледачы расселіся па месцах. Я сказаў вітальнае слова, пажадаў прыемнага прагляду. Усе селі. І за секунду да пачатку ўваходзіць проста на сцэну Балаба. Першая фраза была: “Чаму падлога чорная?” Ва ўсіх была ілюзія, што пачаўся спектакль. А далей ён сказаў: “Просьба выйсці і прайсці ў аўтобус”. Прыкладна 60 чалавек пагрузілі і адвезлі ў РАУС”, — згадвае той выпадак Халезін. 

Падзеі разгортваліся пасля таго, як відэазварот для беларусаў запісаў саліст гурта “Ролінг Стоўнз” Мік Джагер. Легендарны рокер пажадаў нам тады дэмакратыі і прамовіў “Жыве Беларусь”. Гэта магло выклікаць нервовую рэакцыю ў прадстаўнікоў улады.

Халезін перасякаўся з Балабам неаднойчы і заўважае, што амапаўскі начальнік зазвычай трымаўся “карэктна” і “па-чалавечы”. 

“Я з ім меў зносіны, напэўна, года з 98-га, калі працаваў журналістам. Ён быў намеснікам Падабеда, які ў той час кіраваў АМАПам. Тое, што Балаба зараз сказаў, — смешна. Я ж бачыў яго і падчас іншых акцый, калі нас білі, круцілі, саджалі на Акрэсціна. Персанальна ён не падымаў на мяне руку, але ад дручкоў яго падначаленых пабоі часам зажывалі паўгода”, — кажа Халезін.

Стыль паводзінаў брытанскай паліцыі (пасля выбараў-2010 Халезін жыве ў Лондане) і беларускай міліцыі кіраўнік тэатра нават не параўноўвае. Замежныя людзі ў форме для яго як даведка, свае — прадвеснік нечага кепскага.

Фота minsknews.by і з архіву Мікалая Халезіна

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі