Чаму нельга адмяняць артыкулы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць

16/11/2016 - 15:31

За 9 месяцаў 2940 чалавек пакараныя штрафамі за незаконнае прадпрымальніцтва. Дзяржава спагнала з іх каля 4,1 млн рублёў. І гэта толькі "адміністратыўка"!

Прадпрымальнікі даўно спрабуюць адмяніць ці хаця б змякчыць суровыя пакаранні. Аргумент такі: часам людзі "трапляюць" на штрафы не таму, што нешта свядома парушаюць, а праз няведанне складанага заканадаўства і збег абставінаў. Сёлета ў прыхільнікаў змякчэння заканадаўства нечакана з'явіўся саюзнік ва ўладзе — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Разам з кіруючым партнёрам адвакацкага бюро кампаніі "Бараўцоў і Салей" Максам Знакам яны абмяркоўваюць жорсткія беларускія законы ў студыі Еўрарадыё. І нечакана прыходзяць да высновы: бізнесу патрэбны глыток свежага паветра, але цалкам адмяняць адказнасць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць нельга.

Тэрміна даўнасці па прадпрымальніцкіх злачынствах няма

— Артыкулы, накіраваныя супраць прадпрымальнікаў, ёсць і ў Адміністрацыйным, і ў Крымінальным кодэксе. Апошнія негатыўна ўплываюць на бізнес-клімат і на інвестыцыйны клімат у краіне, бо ёсць рызыка жорсткага пакарання добрасумленных прадпрымальнікаў заднім чыслом. Пры гэтым тэрміна даўнасці няма — год, тры, дзесяць.

— Артыкулы Крымінальнага кодэкса апісваюць тры склады злачынства: незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць (арт. 233), ілжэпрадпрымальніцкая дзейнасць (арт. 234), ухіленне ад аплаты падаткаў (арт. 243). Яны розныя па сваёй сутнасці, і ўсе маюць права на існаванне, бо магчымыя злачынствы па кожным з іх.

"Прадпрымальніцкія" артыкулы трэба выключаць з Крымінальнага кодэкса, — даводзіць сваю пазіцыю Ганна Канапацкая. — Трэба спрашчаць заканадаўства".

 

Ганна Канапацкая. Фота: Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

Галоўная праблема — нізкі парог крымінальнай адказнасці

— У Беларусі вядзецца рэестр ілжэпрадпрымальніцкіх структур. Часам здараецца, што на момант здзелкі пэўнай арганізацыі ў гэтым рэестры яшчэ няма, а пасля яна там з'яўляецца. І ёсць практыка падатковых органаў, якія прызнаюць уліковыя дакументы несапраўднымі і спаганяюць падаткі, а таксама накладаюць санкцыі, у тым ліку і заднім чыслом.

— Галоўная праблема— нізкі парог крымінальнай адказнасці пры выпадках, калі нехта гандлюе без рэгістрацыі ці без ліцэнзіі, хаця яны патрэбныя. Крымінальная адказнасць [замест арт. 12.7 АК ужываюць арт. 233 КК. — Еўрарадыё] наступае, калі атрыманы даход перавышае 1000 базавых велічынь [21000 рублёў. — Еўрарадыё]. Гэта вельмі невялікая сума, — лічыць Макс Знак. — Прычым, вядзецца гаворка пра дзейнасць без рэгістрацыі, даходам лічыцца ўся сума выручкі, без вынятку выдаткаў.

— МУС мае намер павялічыць парог крымінальнай адказнасці па артыкуле за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Прадстаўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў пацвярджалі, што рыхтуюць адпаведны дакумент.

Макс Знак. Фота: Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

Як не "трапіць" на штраф, прадаючы вопратку, якая не пасуе?

— Фармальна, сёння пад крымінальную адказнасць можна патрапіць, калі спрабуеш прадаць вопратку, якая не спадабалася, ці спяваеш у пераходзе. Другі выпадак — гэта, хутчэй, з галіны фантастыкі: каб зарабіць 1000 базавых велічынь, трэба граць у пераходзе вельмі добра. Што да вопраткі, дык трэба памятаць азначэнне прадпрымальніцкай дзейнасці. Па-першае, гэта дзейнасць, накіраваная на атрыманне прыбытку. То бок, калі чалавек перапрадае не па тым кошце, па якім "узяў", а дадаючы пэўную суму. Па-другое, гэта сістэматычная дзейнасць. Наўрад ці, калі набываеш рэчы для сябе, свайго памеру, а пасля прадаеш, бо не пасуюць, гэта не будзе кваліфікавана, як прадпрымальніцкая дзейнасць. А вось калі асартымент вялікі — гэта ўжо незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць.

— Адмяняць адказнасць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць будзе несправядліва ў дачыненні да тых, хто працуе добрасумленна, сплачваючы падаткі. Працаваць трэба не над адменай адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, а над адменай бар'ераў, якія скоўваюць добрасумленных прадпрымальнікаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі