Цэны на нафту абваліліся: ці патаннее паліва на запраўках?

09/03/2020 - 12:21
БЕЛТА

9 сакавіка ўжо называюць чорным панядзелкам: раніца пачалася з навін пра абвал цэн на нафту. "Чорнае золата" патаннела на 30% з-за таго, што Расія праваліла перамовы з краінамі АПЕК аб скарачэнні аб'ёмаў здабычы.

Якія наступствы для Беларусі могуць мець глабальныя змены цэн на нафту?

"У часы, калі мы ў нармальных аб'ёмах імпартавалі нафту і яе перапрацоўвалі, Беларусь была зацікаўленая ў высокіх цэнах на нафту. Гэта значыць, эканоміка нафтаперапрацоўкі была такая: чым вышэйшыя цэны на нафту, тым вышэйшыя цэны на нафтапрадукты і тым вышэйшая рэнтабельнасць нафтаперапрацоўкі, — тлумачыць Еўрарадыё старшы аналітык кампаніі "Альпары" Вадзім Іосуб. — Цяпер у нас сітуацыя іншая: малыя аб'ёмы нафты імпартуем, амаль усё, што перапрацоўваем, пастаўляем на ўнутраны рынак. І ў такой сітуацыі нам больш выгадныя нізкія цэны на нафту, таму што, калі няма экспарту нафтапрадуктаў, тэарэтычна гэта можа азначаць больш нізкія цэны на нафтапрадукты ўнутры краіны".

Мінулыя выхадныя сталі першымі сёлета, калі "Белнафтахім" не павысіў цэны на паліва на беларускіх запраўках. Гэта тлумачылася якраз зніжэннем сусветных цэн на нафту ў другой палове лютага і пачатку сакавіка. "Аптымізм існуе наконт таго, што калі цэны [сусветныя цэны на нафту. — Еўрарадыё] падаюць, то ў выніку можна будзе выходзіць на нейкае, можа быць, зніжэнне",выказаў асцярожны прагноз прэс-сакратар дзяржканцэрна Аляксандр Цішчанка.

Калі дакладна беларусам чакаць зніжэння цэн на паліва і наогул ці чакаць — напэўна ў "Белнафтахіме" сказаць пакуль не могуць.

Вадзім Іосуб нагадвае, што цэны на паліва ў Беларусі фармуюцца адміністрацыйна: "Цяпер прычын расці [у коштаў на паліва] няма, гэта значыць, можна чакаць, што на гэтым тыдні не будзе звыклага росту на капеечку. [Але] што яны ўпадуць ва ўмовах нашага цэнаўтварэння, я б прагназаваць не стаў. Але, скажам так, ёсць шанц, што яны знізяцца на капеечку".

  

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі