Адно з самых вострых пытанняў 2022 года: дзе знайсці грошы? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У Мінфіна з'явіліся грошы, якія дазволілі ўдвая скараціць дэфіцыт бюджэту і часова падтрымаць банкі. Аднак хутка прыйдзецца выбіраць. Скарачаць выдаткі бюджэту і атрымаць сацыяльныя шокі або павялічваць дэфіцыт і браць яшчэ больш даўгоў.
Еўрарадыё даведалася, адкуль у Мінфіна з'явіліся грошы і чаму ў наступным годзе праблемы бюджэту балюча ўдараць па эканоміцы і бюджэтніках.
Замест запланаванага дэфіцыту бюджэту ў 6 млрд рублёў Мінфін прагназуе 3 млрд рублёў да канца 2021 года. У той жа час органы дзяржкіравання паклалі ў банкі больш за 1,6 млрд рублёў у кастрычніку.
Гэтыя рэчы звязаныя, лічыць старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук. Так адбылося за кошт узрослых даходаў бюджэту ў другім і трэцім квартале. А выдаткі ўлады не павялічвалі так жа хутка, як раслі даходы.
— Склаўся прафіцыт бюджэту па выніках трэцяга квартала — каля мільярда рублёў. Плюс паступленне квартальных падаткаў у кастрычніку. Адсюль у Мінфіна сабралася досыць сур'ёзная сума, — распавядае Дзмітрый Крук.
Звычайна Мінфін размяшчае гэтыя грошы на казначэйскім рахунку ў Нацбанку. Цяпер яны патрапілі на дэпазіты ў камерцыйныя банкі. Гэта можа быць звязана з тым, што ў банкаў да нядаўняга часу былі праблемы з ліквіднасцю і Мінфін вырашыў іх падтрымаць.
— Альбо для таго, каб падштурхнуць крэдытаванне і запусціць "новы інвестыцыйны цыкл", урад наяўныя запасы згружае на рахункі ў банкі. То-бок папаўняе пасіўную частку балансу банкаў. З верагоднасцю 99% гэта ідзе ў дзяржбанкі.
Цяпер гэта добрае падсілкоўванне для банкаў, але, паколькі бюджэт усё роўна дэфіцытны, грошы Мінфіна будуць сыходзіць адтуль.
Такія паводзіны ўладаў паказваюць на тое, што сітуацыя ў бюджэце лепшая, чым прагназавалася. Даходы павялічыліся за кошт "знешнегандлёвага цуду". Бо прадпрыемствы больш зараблялі, значыць, плацілі больш падаткаў.
Бітва за бюджэт пераносіцца на 2022 год. І гэта адна з самых балючых кропак для эканомікі.
— Падстаў для турботы вельмі шмат з-за выпадзення значнай часткі даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці ў параўнанні з папярэднімі гадамі.
Гэта звязана не толькі з санкцыямі, але і з расійскім падатковым манеўрам. Беларускія ўлады ацэньвалі страты ад яго ў $10 млрд за 2019-2024 гады.
— Адбыўся сур'ёзны негатыўны шок у плане скарачэння даходнай часткі бюджэту. Узнікае пытанне, што рабіць з выдаткамі. Можна іх зрэзаць прапарцыянальна атрымліваемым даходам, каб бюджэт быў бездэфіцытны. Адпаведна, не прыйдзецца павялічваць дзярждоўг для фінансавання дэфіцыту бюджэту.
Праблема гэтага плана ў тым, што ён мае на ўвазе рост ВУП. Значыць, даходы бюджэту няхай не моцна, але ўсё ж павінны расці.
— Тут з рэальнасцю можа паўстаць канфлікт. Акрамя санкцый у наступным годзе шмат іншых пагроз. Эканоміку можа вынесці на рэцэсійную траекторыю. Я разглядаю гэта як асноўны сцэнар.
Пакуль афіцыйна не зацверджана, але на наступны год плануецца рост ВУП больш за два працэнты. У мяне вельмі вялікія сумневы, што ўдасца эфектыўна ўхіляцца ад санкцый, каб эканоміку сапраўды вывесці на траекторыю росту.
Праблему бюджэту пагаршаюць вялікія выдаткі на выплаты і абслугоўванне дзяржаўнай запазычанасці ў 2022-2023 гг. У 2023 годзе прыходзіць тэрмін выплат па еўрабондах — $800 млн.
— Калі дынаміка ВУП пойдзе па рэцэсіённай траекторыі, унутраны фіскальны імпульс будзе пад яшчэ большай пагрозай. У найбліжэйшыя два гады гэта вельмі важная рэч, і стан бюджэту — адзін з галоўных паказчыкаў, які будзе прадвызначаць эканамічную дынаміку.
Эканаміст дапускае, што для выплаты даўгоў улады выдаткуюць частку золатавалютных рэзерваў, але невялікую.
— Сумняваюся, што сур'ёзна залезуць у ЗВР. Рэфінансаванне доўгу — гэта што ўлады хацелі б атрымаць.
Праблема ў тым, што заняць на пагашэнне старых даўгоў і нарошчванне дэфіцыту практычна няма ў каго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут