Бузоўскі: За 5 месяцаў 2017 года на Зыбіцкай зарэгістраваныя 6 злачынстваў

21/06/2017 - 08:42

Кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Бузоўскі распавёў, чаму ўлады  звярнулі пільную ўвагу на вуліцу Зыбіцкую, вядомую сваімі барамі і рэстаранамі. 

Пасля маніторынгу на Зыбіцкай уладальнікаў бараў і рэстаранаў сабралі ў адміністрацыі раёна і распавялі пра пагаршэнне крымінагеннай абстаноўкі. Пасля гэтага час працы ўстановаў на гэтай вуліцы абмежавалі да 23.00. 

У гутарцы з журналістамі партала tut.by Бузоўскі распавёў, што сёлета былі выпісаныя прадпісанні тром установам — 4-4-2, DIY, ДЭПО. Летась чыноўнікі таксама выпісвалі прадпісанні тром ці чатыром установам. 

Рашэння пра абмежаванне часу прымаліся пасля звароту, які раённая адміністрацыя атрымала ад РУУС. За 5 месяцаў 2017 года ў межах Зыбіцкай былі зарэгістраваныя шэсць злачынстваў, палова з якіх — супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці (хуліганства), два — супраць уласнасці (крадзеж). Таксама на Зыбіцкай зафіксаваныя 56 адміністрацыйных правапарушэнняў супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці (дробнае хуліганства, з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе або распіццё алкагольных напояў альбо піва ў такім месцы). На "102" паступіла 146 паведамленняў аб здарэннях, якія патрабавалі аператыўнага рэагавання міліцыі.

Таксама Бузоўскі заявіў, што на Зыбіцкай зафіксаваныя парушэнні па санітарных нормах. Па словах чыноўніка, уладальнікі лічаць, што тэрыторыю павінны прыбіраць органы выканаўчай улады.

Кіраўнік адміністрацыі патлумачыў, што такія загады часовыя. Установы не абмяжоўваюць па часе працы назаўжды — толькі на перыяд ліквідацыі парушэнняў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі