Аляксей Санчук / фота з сацсетак
Бубнача з гурта "Патрабуем разысціся" Аляксея Санчука прысудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менавіта пра такое пакаранне для яго прасіў пракурор, і суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Пірожнікава з гэтым пагадзілася, паведамляюць праваабаронцы.
Санчукова абвінавачвалі адразу па трох артыкулах КК: у арганізацыі, актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках і ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.
Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей Санчук "пад выглядам масавых мерапрыемстваў" у Мінску "здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак: перакрываў праезную частку, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам УУС, крычаў лозунгі, гучна пляскаў далонямі, размахваў бел-чырвоным-белым сцягам".
Акрамя таго, у бубнача знайшлі піратэхніку, петарды і шэраг іншых прадметаў. Гэта дало следству падставу меркаваць, што Аляксей займаўся яшчэ і "навучаннем ці іншай падрыхтоўкай асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках".
Санчук прызнаў сябе вінаватым толькі ва ўдзеле ў маршах. Па астатніх артыкулах віну не прызнаў.
Аляксея Санчука разам з калегамі-музыкамі затрымалі ў мінулым лістападзе ў Мінску падчас рэпетыцыі. На іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і пакаралі арыштам. Але пасля 15-сутачнага арышту Аляксея Санчука на волю так і не выпусцілі, ён стаў фігурантам яшчэ і крымінальнай справы.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.