БТ сцвярджае, што амаль палова насельніцтва Беларусі глядзела Еўрагульні

07/07/2019 - 08:58

Беларускае тэлебачанне апублікавала звесткі пра колькасць гледачоў ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія назіралі за спаборніцтвамі праз тэлетрансляцыю.

Паводле даследавання, зробленага кампаніяй "АМГ-Кансалт" / "Рэальнае вымярэнне", цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў, а таксама спартовыя спаборніцтвы глядзела болей за 60% гарадскога насельніцтва ва ўзросце ад 4 гадоў. Праўда, не ўдакладняецца, ці гэта аўдыторыя кожнай цырымоніі або гаворка пра суму аўдыторый.

Агульная аўдыторыя гледачоў Еўрапейскіх гульняў склала болей за 4 мільёны чалавек, то бок амаль палова насельніцтва краіны.

Трансляцыі адбываліся на каналах "Беларусь 1", "Беларусь 2" і "Беларусь 5". У прэс-рэлізе адзначаецца, што гэта можна суаднесці з трансляцыямі Алімпійскіх гульняў.

Таксама сайт tvr.by сабраў за перыяд Еўрагульняў болей за 800 тысяч анлайн-праглядаў трансляцыяў, пры гэтым падчас паказаў дзейнічала GeolP-блакіроўка, а сігнал быў абаронены ад прагляду замежнымі карыстальнікамі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі