Брат дырэктара "Гродна Азота" зарабляе на пастаўках угнаенняў ва Украіну?

09/04/2021 - 17:12
"Гродна Азот" — адзін з асноўных вытворцаў угнаенняў у Беларусі. Сёння прадпрыемствам кіруе Ігар Ляшэнка

Страйкам "Гродна Азота" знайшоў цікавую інфармацыю, якая тычыцца дырэктара прадпрыемства Ігара Ляшэнкі. Вельмі верагодна, што яго брат зарабляе на пастаўках угнаенняў ва Украіну. Еўрарадыё праверыла факты, пра якія заяўляюць пратэстоўцы.

Брат родны?

Да прызначэння на "Гродна Азот" Ігар Ляшэнка займаў пасаду віцэ-прэм'ера, які курыруе нафтахімічную галіну. Да таго кіраваў канцэрнам "Белнафтахім". А яшчэ раней працаваў на "Гомельскім хімічным заводзе". Гэта значыць, уся яго кар'ера звязана з хімічнай прамысловасцю.

У Кіеве ёсць такая юрыдычная асоба — "Белагродобрива". Паводле звестак рэестраў, яна займаецца аптовым гандлем палівам і хімічнай прадукцыяй. А пад гэтае вызначэнне трапляюць і мінеральныя ўгнаенні. Напрыклад, такія, якія вырабляе "Гродна Азот".

Тым больш, што слова "добрива" перакладаецца з украінскай мовы як "угнаенні". У кагосьці засталіся сумневы ў тым, чым гандлюе гэтая кампанія?

Заснавальнік "Белагродобрива" — нехта Алег Васільевіч Ляшэнка. Прозвішча і імя па бацьку ў яго такія ж, як і ў цяперашняга дырэктара "Гродна Азот". Але на гэтым супадзенні не заканчваюцца.

Адрасам Алега Васільевіча Ляшэнкі ва ўкраінскіх рэестрах значыцца дом на вуліцы Ільіча ў Гомелі. З гэтага ж абласнога цэнтра і Ігар Ляшэнка. А ў базе абанентаў тэлефонных нумароў на той жа вуліцы зарэгістраваны нехта "Ляшэнка І. В.".

І зноў — "агра"

У канцы снежня фірма "Белагродобрива" змяніла адрас — пераехала з кіеўскай вуліцы Якуба Коласа на вуліцу Яўгена Сверсцюка. Па той жа "прапісцы"размяшчалася яшчэ адна юрыдычная асоба — "Лидерагро". Яна таксама, згодна з рэестрам, займаецца гандлем хімічнай прадукцыяй.

Бенефіцыярамі "Лидерагро" значыліся Крысціна Пікас і Дзмітрый Кавалёў. Праўда, нядаўна кампанія памяняла і кіраўніка, і ўласніка — ім стаў нехта Імрэ Бейла, таму дадзеныя давялося шукаць у архівах. Пра Пікас невядома нічога — акрамя як тое, што яе 25-гадовая цёзка родам з таго ж Гомеля.

Дзмітрыем Кавалёвым звалі аднаго з топ-менеджараў ААТ "Гомельскі хімічны завод". Пратэстоўцы "Гродна Азот" сцвярджаюць, што ён указваў "Лидерагро" месцам працы ў LinkedIn, але сёння пацвердзіць гэта немагчыма: архіўных версій старонкі няма. Чалавек па імені Дзмітрый Кавалёў працаваў і ў "БНХ Украіна" — афіцыйным дылеры "Гродна Азот", "Белшыны" і Гомельскага хімзавода.

Дарэчы, у крэсле намесніка гендырэктара "БНХ Украіна" сядзіць нехта Канстанцін Валянцінавіч Кавалёў. Ён таксама калісьці працаваў на Гомельскім хімзаводзе. Дзе ў свой час, нагадаем, пачынаў сваю працоўную біяграфію Ігар Ляшэнка.

Цікава і тое, што кіруе "БНХ Украіна" Алег Вялічка. Гэтак жа завуць экс-кіраўніка Савецкага раёна Гомеля. Права подпісу мае і Таццяна Яцута. Яе цёзка — кіраўнік дылера "Белшыны" ва Украіне "ЛК-Украіна".

Перапродаж “добривы”

І "Лидерагро", і "Белагродобрива", мяркуючы па афіцыйных дадзеных, пачалі актыўную дзейнасць у той жа перыяд, калі Ляшэнка быў у кіраўніцтве "Белнафтахіма" або віцэ-прэм'ерам.

Украінскія арганізацыі — адны з асноўных кліентаў таго ж Гомельскага хімічнага завода. Шмат закупляюць там і беларускіх угнаенняў, а Адэскі порт часам выкарыстоўваюць для экспарту на "далёкую дугу".

Абедзве згаданыя вышэй кампаніі — "Лидерагро" і "Белагродобрива" — не маюць уласных вытворчасцей. Адзіная сутнасць іх працы — перапродаж угнаенняў і іншых прадуктаў хімпрама.

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі