Блэкаўт ва Украіне: кіяўлянін, валанцёрка і добраахвотнік пра жыццё ў цемры

02/12/2022 - 10:02
Блэкаўт ва Украіне / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Спадарожнікавыя фота блэкаута ва Украіне вы ўжо бачылі: на іх краіна пагружаная ў змрок. А як выглядае гэты змрок знутры, мы спыталі ў тых, хто застаецца ва Украіне прама цяпер.

Як прымусіць мадэм раздаваць інтэрнэт, нават калі ў горадзе адключылі электрычнасць? Чаму ў Кіеве зараз так папулярныя фудкорты і запраўкі? Як зараз выглядае Храшчацік і ці радуе каго-небудзь галоўная елка, якую паабяцалі ўсталяваць кіеўскія ўлады?
 

Аляксандр: "У тыя прамежкі часу, пакуль гарыць святло, паспяваеш зрабіць усё"

Кіяўлянін Аляксандр дасылае нам відэа з Пячэрскага раёна горада. На відэа — змрок. У параўнанні з гэтым Храшчацік — галоўная вуліца сталіцы Украіны, якую ён паказвае следам, — літаральна свеціцца.

Храшчацік у блэкаўт / фота суразмоўцы Еўрарадыё

Аляксандр адмовіўся ад мікрахвалёўкі і электрычнага чайніка. Улады горада пастаянна заклікаюць жыхароў эканоміць, каб знізіць нагрузку на энергасістэму. Электрычнасць у яго доме выключаюць пастаянна, зараджаць тэлефоны прыходзіцца то на фудкорце, то ў сяброў. За апошнія месяцы ён навучыўся перасоўвацца паміж неабясточанымі ўстановамі досыць хутка, каб адключэнні сеткі не заміналі працаваць.

Самая вялікая праблема — інтэрнэт. Калі адключаюць святло, увесь дом застаецца адключаны ад сеткі і ад сувязі з блізкімі. І Аляксандр, і яго суседзі былі б удзячныя, калі б ім дапамаглі з купляй "Старлінку".

Кіеў без святла / фота суразмоўцы Еўрарадыё

— У астатнім у Кіеве шмат залежыць ад раёна. У кагосьці няма святла цягам некалькіх дзён, а ў кагосьці ўсе гэтыя дні было светла. Поўная латарэя. Наконадні ў нас дома пачаліся першыя праблемы з вадой, але на шчасце гэтае пытанне хутка вырашылі. Ацяпленне таксама, дарэчы, ёсць.

Найвялікшыя праблемы — з электрычнасцю, але людзі знаходзяць месцы, дзе магчыма зарадзіць. На працы, у кафэ, нават у метро. А часам зараджаюць проста ў супермаркетах.

Неяк у офісе адключылі інтэрнэт — мы сышлі працаваць на фудкорт ў супермаркеце. Наогул за гэты час з'явіўся навык хутка перамяшчацца з аднаго месца ў другое. Людзі працуюць у кавярнях, на запраўках, нават у метро. Часам яшчэ трэба пашукаць вольную кавярню ў цэнтры, у якой можна папрацаваць.

Адключэнні сталі вельмі частыя — святло адключаюць па два-тры разы на дзень. І ў тыя прамежкі часу, калі электрычнасць вяртаецца, ты паспяваеш зрабіць усё. Зрабіць сцірку, зарадзіць тэлефоны, прыгатаваць ежу. Цяпер аказалася, што выйгралі тыя, у каго засталіся газавыя пліты — яны заўжды могуць нешта прыгатаваць.

Усё гэта нас яшчэ больш згуртавала. Мой сябар жыве непадалёк, але ў яго заўсёды ёсць электрычнасць. Нядаўна мы стэлефанаваліся, дамовіліся, што прыйдзем да яго ўвечары — і пагаворым, і тэлефоны-ноўтбукі зарадзім.

"...І пагаворым, і тэлефоны-ноўтбукі зарадзім" / pixabay

Бацькі маёй дзяўчыны жывуць далёка ад цэнтра, у іх нашмат больш праблем. Яны сыходзяць на працу — няма электраэнергіі. Яны вяртаюцца дадому — няма электраэнергіі.

Яшчэ адна праблема: праз тое, што ў горадзе цёмна, на дарогах стала больш аварый.

Але ў Кіеве ў гэтым годзе ўсё ж будзе елка. Успрынялі гэта неадназначна. Некаторыя сказалі, што гэта глупства. Тым больш, елка ў агнях — у той час, як увесь горад эканоміць электраэнергію. А я за тое, каб была елка. Так, ідзе вайна. Так, гінуць людзі. Але ёсць і іншыя людзі, якія застаюцца тут, у гарадах, імкнуцца падтрымаць эканоміку краіны. Адчуванне свята падбадзёрвае. І настрою кіяўлян невялікая елка не зашкодзіць — нават у такія складаныя часы.

— Дарэчы, пра радасці: а вось калі вы апошні раз глядзелі серыял?

— Учора. Мы ўжо навучыліся: пакуль ёсць электраэнергія, спампоўваеш сабе ўвесь сезон. А калі адключаецца электрычнасць, глядзіш з планшэта. Тыдзень таму выйшаў новы серыял на "Нэтфлікс", і мы ўжо паглядзелі ўвесь сезон.

З'ехаць з Кіева? Ды не, не думаў. Лепш быць дома.

Анісія: “І прыходзіш да стану, калі робішся амаль непрыступным”

За апошнія месяцы беларуская валанцёрка Анісія Казлюк даведалася, што швэдар — не самая цёплая вопратка. Ва Украіне ад холаду цяпер уратуе толькі тэрмабялізна. Аднаго паўэрбанка недастаткова, пры сабе трэба мець некалькі, ды пажадана такіх, ад якіх можна падсілкоўваць ноутбук. Дома заўсёды павінныя быць крупы і кансервы, а на тэлефоне — праграма для апавяшчэнняў пра паветраную трывогу.

Анісія Казлюк / фота з архіва Еўрарадыё

— Першае адключэнне электрычнасці заспела мяне дома, у Львове. Але тут даўжэй, чым на 12 гадзінаў, святло пакуль не адключалі. З раніцы абстрэл — і недзе ў 17-18 гадзінаў усё вярталася: і сетка, і святло. Можна было працягваць нармальную жыццядзейнасць.

Варта разумець, што да Львова абстрэлы далятаюць вельмі рэдка. Зрэшты далятаць яны пачалі толькі цяпер, калі пачаўся напад на інфраструктуру. Першыя патраплянні былі ў кастрычніку — і тады ў нас проста адключылася святло.

Але чым часцейшымі былі абстрэлы, тым даўжэйшымі станавіліся адключэнні. Хутчэй за ўсё, інфраструктуру папросту не паспяваюць аднаўляць, да таго ж, ёсць больш важныя аб’екты тыпу бальніцаў, якія стаяць у прыярытэце перад кватэрамі.

Мы яшчэ не траплялі ў такую ўжо жорсткую сітуацыю. У нас заўсёды заставаўся газ, на якім можна прыгатаваць ежу, і свечы, з якімі можна чытаць. Складаней за ўсё — заставацца без інтэрнета, бо асноўная частка маёй працы — у сеціве. Але за гэты час я атрымала новы навык: навучылася адпускаць і не стрэсаваць ад таго, што не магу працаваць наўпрост зараз.

"У нас заўсёды заставаўся газ, на якім можна прыгатаваць ежу, і свечы, з якімі можна чытаць"  / pixabay

Мы закупілі аўтаномныя асвятляльныя прыборы, а цяпер яшчэ хочам закупіць спецыяльныя правады, каб можна было падсілкоўваць інтэрнет-мадэм ад паўэрбанка і мець сеціва нават калі не будзе святла. Сябры набылі нам генератар, наперадзе новы квэст — перадаць яго ў Львоў.

Сталі запасацца кансервамі, крупамі — ежай, якую можна хутка прыгатаваць. Бо калі здараецца аварыя, яна ўплывае не толькі на цябе, але і на ўсё навокал. Нельга схадзіць у краму і нешта набыць, нельга замовіць ежу. Нішто не працуе.

Мне здаецца, што тых, хто застаецца ва Украіне, адсутнасць святла і цяпла не так пужае. Першы раз адключылі святло — закупілі свечы, другі раз адключылі — набылі паўэрбанкі і генератар. Трэці раз адключылі — пачалі збірацца разам і падумалі пра агульны запас ежы. І так праз новы досвед прыходзіш да стану, калі становішся амаль непрыступны.

Людзі набываюць генератары, аблаштоўваюць сваё жыллё. Калі ты столькі перажыў да гэтага часу, дык і адсутнасць святла магчыма перажыць. Але ёсць сур’ёзныя праблемы: калі доўга не будзе цяпла, у шматпавярховіках будзе замярзаць вада ў трубах. Людзі не змогуць нават карыстацца каналізацыяй. Не ўсе да такога гатовыя, таму, я думаю, будзе новая хваля эміграцыі.

Але зрэшты нічога страшнага ў гэтым няма. Мы застаемся ва Украіне, бо хочацца адначасова і распавядаць украінцам пра сітуацыю ў Беларусі, і падтрымліваць беларускіх палітвязняў, і дапамагаць Украіне.

Цяпер мы робім ва Украіне добрачынны кінафестываль, каб збіраць грошы на расходныя матэрыялы да VAC-апаратаў [апарат дзеля лячэння ранаў. — Еўрарадыё]. Гэта ініцыятыва грамадскай арганізацыі Таццяны Гацуры. У траўні яны закупілі 23 апараты, яны былі разасланыя па ўсёй краіне, а цяпер мы збіраем грошы, каб разаслаць расходнікі яшчэ на паўгады іх працы.
 

Добраахвотнік: “Старлінк” на баявых мяне разбалаваў, а адсутнасць вады больш не вызывае дыскамфорту”

Беларускі добраахвотнік з іншаземнага легіёна быў паранены ў нядаўнім баі. Зараз ён знаходзіцца ў лякарні ў Кіеве. Калі ён ад’язджаў на Бахмут, Кіеў успрымаўся ці не мірным горадам.

Бальніца / фота з архіва суразмоўцы Еўрарадыё

 — А толькі я ад’ехаў на баявыя — русня Кіеў паламала.

Ну, так, няма вады, няма святла — гэта не выклікае здзіўлення. Няма і няма. Два паўэрбанкі маю па магчымасці амаль заўсёды.

Лякарня падключаная да генератара, да таго ж, лякарні — першыя ў чарзе на перападключэнне электрычнасці і вады. Спраўляюцца хутка. Няма святла, медсястра кажа: “Зараз падключыцца генератар”. Напэўна, яго не будзе хапаць на ўсё ў лякарні, бо медперсанал намагаецца эканоміць. Напрыклад, уключаюць у калідоры не ўсе лямпы, а праз адну. Але магчымасць падзарадзіць паўэрбанкі ёсць, сітуацыя штатная.

Медперсанал прыходзіць і пытаецца, ці ёсць пітная вада, ці трэба рукі памыць. Клапоцяцца, дбаюць пра тое, каб у цябе ўсё было.

А вось што выклікала дыскамфорт — адсутнасць мабільнай сувязі. Людзі ж у Кіеве не чуюць выбухі кожны дзень, Кіеў — гэта не Бахмут. Выбух — гэта надзвычайная сітуацыя. Як тэракт. Назіраў, як людзі пачынаюць тэлефанаваць блізкім, а з сувяззю праблемы. Хвалююцца. Адчуваў спачуванне.

Прычым, гэта цягнулася па адчуваннях долей за адсутнасць вады. Ці проста гэта выклікала такі дыскамфорт, што здавалася, нібыта цягнецца болей.

Старлінк на баявых мяне разбалаваў. Не памятаю момантаў, калі б “Старлінк” не працаваў адчувальна доўгі час.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі