Нелегітымная ўлада стварае негатыўныя настроі ў інвестараў і насельніцтва / Еўрарадыё
Крызіс легітымнасці ўлады вядзе да паглыблення эканамічнага спаду і яго працягласці ў кароткатэрміновай перспектыве. Пра гэта заяўляюць эксперты BEROC Дзмітрый Крук і Леў Львоўскі ў аналітычным брыфе "Эканамічныя наступствы палітычнай нелегітымнасці ў Беларусі".
На больш працяглай дыстанцыі палітычная нелегітымнасць стане прычынай пагаршэння інстытуцыйнага асяроддзя і эрозіі чалавечага капіталу, дзеля чаго эканоміка краіны можа трапіць у працяглую дэпрэсію, лічаць аўтары даследавання.
Калі да палітычнага крызісу прагназаваўся спад ВУП каля 3% па выніках года, то, паводле ацэнак даследчыкаў, ён знізіцца як мінімум яшчэ на 1%. Разлічваць нават на вялае аднаўленне ў 2021 годзе пры захаванні статус-кво ўлады не давядзецца. Замест гэтага адбудзецца адчувальнае паглыбленне рэцэсіі.
— У жніўні і верасні фон нелегітымнасці стаў адным з трыгераў для зняцця хатнімі гаспадаркамі сродкаў з банкаўскіх рахункаў і дэпазітаў, а таксама іх павышанага попыту на замежную валюту, — гаворыцца ў брыфе.
Праз гэта людзі чакаюць дэвальвацыі і паскарэння інфляцыі, таксама зніжаецца давер да банкаўскай сістэмы.
У жніўні гэта прывяло да адтоку дэпазітаў з банкаў і скарачэння золатавалютных рэзерваў на $1,4 млрд.
Пры гэтым, адзначаюць эксперты, улады змагаюцца не з крыніцай праблем, а з сімптомамі, гэта значыць з наступствамі на фінансавым рынку.
— Спажывецкі попыт падае праз пагаршэнне спажывецкіх настрояў, адсутнасць крэдытаў і прагрэсавальную фінансавую напружанасць, — адзначаюць аўтары публікацыі.
З падобных прычын будзе падаць інвестыцыйная актыўнасць — праз негатыўныя кан'юнктурныя настрояў і чаканняў бізнесу. У першую чаргу гэта датычыцца прыватных інвестыцый, бо ў дзяржсектары яны носяць дырэктыўны характар.
На інвестыцыі ў дзяржсектары негатыўна паўплывае абмежаванне доступу да крэдытных рэсурсаў, бо банкі не могуць падтрымліваць дырэктыўнае крэдытаванне дзяржпрадпрыемстваў у той час, калі самі адчуваюць праблемы з ліквіднасцю.
— На фоне слабага фінансавага становішча вялікай колькасці прадпрыемстваў Беларусь можа чакаць сістэмны крызіс неплацяжоў, які трансфармуецца ў поўнамаштабны фінансавы крызіс, — пішуць прадстаўнікі BEROC.
Доўгатэрміновыя бізнес-праекты ў краіне скароцяцца, бо будуць успрымацца занадта рызыкоўнымі. Бо гарантам выканання ўмоў здзелак павінны быць дзяржаўныя інстытуты, у прыватнасці сістэма права, да якой няма даверу.
— Вымушанае ўзмацненне жорсткасці манетарных умоў непазбежна будзе душыць эканамічную актыўнасць, спрыяючы паглыбленню рэцэсіі. Таму можна гаварыць пра тое, што дзеяннямі ўладаў назапашаныя дыспрапорцыі з фінансавай сферы былі шмат у чым перанакіраваныя ў рэальны сектар, — пішуць эксперты.
Становішча ў краіне павышае матывацыю да "геаграфічнай дыверсіфікацыі вытворчасці і нават паўнавартаснай эміграцыі прадпрыемстваў".
На фоне рэцэсіі, абцяжаранай палітычным крызісам, адбываецца зніжэнне даходаў бюджэту. Для змякчэння рэцэсіі патрэбны фіскальныя стымулы, падкрэсліваюць эксперты. Гэта азначае не толькі зніжэнне падатковай нагрузкі, але і павелічэнне расходаў бюджэту.
Пры гэтым частка сродкаў, якія ўдалося сабраць у папярэднія гады за кошт прафіцыту бюджэту, ужо выдаткаваная на падтрымку дзяржпрадпрыемстваў. На гэты год рэспубліканскі бюджэт і так быў зацверджаны з дэфіцытам 0,7% ВУП. За 7 месяцаў 2020 года ён дасягнуў 1,8% ВУП.
— Павелічэнне расходаў у далейшым уяўляецца цяжкім, паколькі гэта будзе падрываць фіскальную збалансаванасць, устойлівасць дзярждоўгу і стане пагрозай для макрастабільнасці, — пішуць аўтары брыфа.
У заключэнне адзначаецца, што магчымасці забяспечыць макраэканамічную стабільнасць у найбліжэйшай будучыні вельмі абмежаваныя. Пры захаванні палітычнай нелегітымнасці ў Беларусі будуць аслабленыя ці нават разбураныя механізмы, якія забяспечваюць рост прадукцыйнасці.
Гэта, па прагнозах экспертаў, прывядзе да эрозіі чалавечага капіталу і паслаблення прадпрымальніцкай ініцыятывы.
— Адзіным "добрым" выхадам з сітуацыі, якая склалася, мы бачым вырашэнне палітычнага крызісу такім чынам, каб улада ў краіне была легітымнай і стаў адраджацца эканамічны давер, — рэзюмуюць даследчыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.