Беларусы ў Польшчы запусцілі кампанію прэтэнзій да банку Millennium

16/10/2026 - 11:58

Банк Millennium / telepolis.pl

Беларусы Польшчы запусцілі кампанію па прэтэнзіях у Bank Millennium. Гэта выклікана заявай банка, што ён будзе блакаваць рахункі кліентаў з Беларусі і Расіі без актуальнага пашпарта і дазволу на жыхарства (ДНЖ). Абнавіць дакументы трэба да 12 снежня 2026 года. 

Тыпавыя звароты ў банк з'явіліся ў нефармальнай супольнасці беларусаў Уроцлава ў Тэлеграме, заўважыла выданне MOST.

Прапануецца, каб кліенты паведамілі банку, што выканалі ўсе неабходныя фармальнасці па легалізацыі знаходжання і адкрыцці рахунку. Затрымкі з атрыманнем карты пабыту звязаныя з адміністрацыйнымі працэдурамі. Яны тлумачацца замарозкай гранічных тэрмінаў разгляду спраў аб ДНЖ — гэта значыць, яны абумоўленыя дзейнымі прававымі нормамі, а не ўзніклі з віны замежніка.

Таксама ініцыятары прапануюць падкрэсліваць, што з 2023 года беларусы не могуць атрымліваць нацыянальныя пашпарты ў консульствах за мяжой. Многія не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму для замены пашпарта, таму карыстаюцца польскім праязным дакументам замежніка.

Кліентам банка прапануюць пытаць у звароце, якія альтэрнатыўныя дакументы для пацвярджэння законнасці перабывання ў Польшчы можна падаць, каб пазбегнуць блакавання рахунку. Таксама варта ўдакладніць, якое пасведчанне асобы могуць падаваць беларусы, якія не маюць магчымасці атрымаць пашпарт сваёй дзяржавы.

Акрамя таго, ініцыятары прапаноўваюць дасылаць запыты ў Камісію фінансавага нагляду Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі