Максім Стасевіч / dive.ru
Беларускаму ўдзельніку пратэстаў 2020 года Максіму Стасевічу забаранілі ўезд у Расію на бліжэйшыя сто гадоў.
Як заўважыла "Наша Ніва", Вярхоўны суд Рэспублікі Карэлія забараніў яму ўязджаць у РФ да 17 красавіка 2126 года. Абскардзіць прысуд праз апеляцыю не ўдалося.
Стасевіч у 2020‑м удзельнічаў у пратэстах пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Тады яго да адказнасці не прыцягвалі.
У чэрвені 2021-га хлопец пераехаў у расійскую Карэлію. Працаваў там у дзіцячым лагеры: быў важатым, выкладаў кіналогію і марскі турызм. Жыў у жыллі, якое даваў працадаўца.
У снежні 2025-га беларуса затрымалі ў Санкт-Пецярбургу. Аказалася, што ён у вышуку і Беларусь патрабуе яго экстрадыцыі. Пецярбургскі пракурор вырашыў яго не выдаваць, бо ўдзел у дэманстрацыі не з’яўляецца па расійскім заканадаўстве крымінальным злачынствам. І Стасевіча проста адпусцілі.
У красавіку 2026-га Стасевіча затрымалі ў карэльскай вёсцы Нільмагуба, бо ён знаходзіўся ў памежным раёне без дазволу ФСБ. Яго аштрафавалі, але суд не пастанавіў высылаць яго з РФ. Аднак умяшаўся Цэнтр па процідзеянні экстрэмізму МУС Карэліі. Ён і прыняў рашэнне забараніць Стасевічу ўезд у Расію на 100 гадоў. Прычынай назвалі тое, што ён "схаваўся ад органа крымінальнага пераследу на тэрыторыі Расіі".
Беларус у чэрвені падаў хадайніцтва ў Заводскі РАСК Мінска, каб крымінальны пераслед замянілі адміністрацыйнай адказнасцю. У выніку яго проста аштрафавалі.
Суд у Карэліі прызнаў забарону Стасевічу на ўезд незаконнай, бо ў Расіі ён не займаўся ні экстрэмісцкай, ні іншай супрацьпраўнай дзейнасцю.
Але паліцыя стаяла на сваім. Паводзіны хлопца там назвалі "пагардлівым стаўленнем да заканадаўства Расіі і Беларусі", а ўдзел у пратэстах у Мінску — "безумоўнай пагрозай грамадскаму парадку, у тым ліку на тэрыторыі Расіі". У выніку Вярхоўны суд Карэліі стаў на бок паліцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут