Беларускую мову на ЦТ будуць здаваць 20 тысяч чалавек

31/05/2016 - 06:13

На цэнтралізаванае тэставанне сёлета падалі заяўкі ўжо каля 90 тысяч чалавек. Такую лічбу называе газета "Звязда" са спасылкай на Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Апошні дзень падачы заявак — 1 чэрвеня. А 19-й гадзіне ўсе пункты рэгістрацыі на ЦТ зачыняцца.

Паводле папярэдніх звестак, беларускую мову на ЦТ выказалі жаданне здаваць 20 тысяч чалавек. Рускую — у 3,5 раза больш: 70 тысяч. На іспыт па матэматыцы зарэгістраваліся 42 тысячы чалавек, па фізіцы — 24 тысячы , біялогіі — 21 тысяча , англійскай мове — каля 20 тысяч .

Штодня ў пункты рэгістрацыі звяртаюцца ў сярэднім 4-6 тысяч чалавек. Дарэчы, шмат якія абітурыенты падаюць дакументы ў апошні дзень рэгістрацыі. Напрыклад, летась 1 чэрвеня падалі заяўкі на ЦТ 4,5 тысячы абітурыентаў.

Першы іспыт пройдзе 13 чэрвеня — абітурыенты будуць здаваць беларускую мову. 14 чэрвеня свае сілы выпрабуюць тыя, хто вырашыў здаваць ЦТ па рускай мове. ЦТ па грамадазнаўстве прызначанае на 16 чэрвеня, біялогіі — 18-га, матэматыцы — 19 чэрвеня, гісторыі Беларусі — 21-га, хіміі — 23-га, фізіцы — 24-га. Тэсты па замежных мовах пройдуць 25 чэрвеня. А 27 чэрвеня пройдуць тэсты адразу па дзвюх дысцыплінах — па сусветнай гісторыі найноўшага часу і геаграфіі.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі