Беларуску ў Штатах асудзілі за парушэнне санкцый

02/11/2026 - 10:58

Суд, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У ЗША на адзін год і адзін дзень турмы асудзілі грамадзянку Беларусі. Яе прызналі вінаватай у незаконным вывазе з ЗША ў Расію авіяцыйнай электронікі і іншага авіяцыйнага абсталявання амерыканскай вытворчасці.

Згодна з рашэннем суда, пасля адбыцця пакарання 34-гадовую Яну Лявонаву дэпартуюць у Беларусь. Перад тым жанчына жыла пераважна ў Расіі, а пад суд у ЗША трапіла пасля таго, як яе выдала амерыканцам Францыя.

"У той час як Расія вяла вайну супраць Украіны, Яна Лявонава займалася кантрабандай у інтарэсах кампаніі, якая знаходзіцца ў чорным спісе ўраду ЗША. Яна выкарыстоўвала фіктыўныя кампаніі, падробленыя дакументы, замежных пасярэднікаў і банкаўскія рахункі за мяжой, каб схаваць незаконны экспарт і абысці санкцыі ЗША", — заяўляе пракурорка Жанін Піро.

Яна дадае, што "незалежна ад складанасці схемы кожны, хто спрабуе выкарыстаць амерыканскія ланцужкі паставак для падтрымкі варожых рэжымаў і падрыву нацыянальнай бяспекі ЗША, павінен ведаць: мы знойдзем вас, будзем пераследваць праз межы і прыцягнем да адказнасці".

У схеме Лявонавай пастаўкі ў Расію адбываліся праз Арменію. Кошт абсталявання ацэньваецца ў мільёны долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі