Беларускія спартcмены не будуць уздымаць расійскі сцяг на адкрыцці Паралімпіяды

23/08/2016 - 16:24

У аўторак 23 жніўня інтэрнэт аблятае вестка пра тое, што беларускія спартcмены панясуць на адкрыцці Паралімпіяды і наш, і расійскі сцягі. 

У момант, калі расіян адхіляюць ад спаборніцтваў за допінг (на думку некаторых, несправядліва), Беларусь як бы падстаўляе ўсходняму брату плячо і прадставіць у Рыа-дэ-Жанэйра Саюзную дзяржаву. Навіна ў такім ключы са спасылкай на кіраўніка Паралімпійскага камітэта Беларусі Алега Шэпеля хутка аблятае і расійскія, і беларускія СМІ.

“З Алегам Аляксандравічам я яшчэ на гэтую тэму не размаўляў. Але, мяркую, па пратакольнай частцы ніхто нам не дазволіць на цырымоніі адкрыцця несці два сцягі”, — разважае генеральны сакратар ПКРБ Мікалай Шудзейка.

Звязваемся і з самім Алегам Шэпелем. Аказваецца, выдаваць беларускім спартсменам расійскі трыкалор перад цырымоніяй адкрыцця ён, насамрэч, не збіраецца.

“Гэтая інфармацыя непраўдзівая. Мы не хочам змешваць спорт з палітыкай. Дэлегацыя спартсменаў, якая будзе браць удзел у адкрыцці паралімпійскіх гульняў, яна будзе ўздымаць дзяржаўны сцяг Беларусі. А я сапраўды буду на віп-трыбуне трымаць два сцягі — беларускі і расійскі”, — паведамляе Еўрарадыё Шэпель.

Такую пазіцыю спартовы функцыянер выказвае з-за таго, што лічыць адхіленне расійскіх паралімпійцаў ад гульняў у Рыа абуральным. А асобны спартсмен, калі кіравацца дэмакратыяй і правамі чалавека, не павінен несці калектыўную адказнасць. Але ёсць яшчэ адна прычына, чаму кіраўнік БПРБ так абараняе усходніх суседзяў.

“За зборную Расіі выступаюць два паралімпійскія чэмпіёны з Беларусі — Макарава і Пунько. Залатыя медалі яны заваявалі яшчэ за нашу зборную”, — працягвае Шэпель.

Еўрарадыё: А чаму падаліся ў Расію?

Алег Шэпель: Спартсмены шукаюць там, дзе лепш. Напрыклад, па зімовых відах спорту ў Расіі таксама адзін наш чалавек, у Азербайджане — два. На апошнім чэмпіянаце Еўропы па плаванні на дыстанцыі сто метраў вольным стылем удзельнічала пяць беларусаў. Адзін выступаў за нас, астатнія — за іншыя краіны. За зборную Расіі выступае шмат спартсменаў, якіх я ведаю асабіста і якія ніколі не мелі дачынення да допінгу і блізка. Чаму я павінен ад іх адварочвацца? Калі палітыка дасягнула ўжо паралімпійскага спорту, то, мякка кажучы, гэта не зусім правільна.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі