Беларускім чыноўнікам і вайскоўцам прапаноўваюць падпісаць "Патрыятычны акт"

22/08/2016 - 06:35

Беларускім чыноўнікам і вайскоўцам прапаноўваецца падпісаць "Патрыятычны акт", піша інтэрнэт-газета "Ежедневник". Гэта павінна ўдасканаліць ідэалагічную і мабілізацыйную работу ў дзяржаўных структурах.

Прапанова наконт "Патрыятычнага акту" змяшчаецца ў дакладзе Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў "Беларусь у кантэксце супрацьстаяння Расія-НАТА: Пагрозы і выклікі для суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай бяспекі. Стратэгічныя высновы і рэкамендацыі". Аўтарамі дакладу і ідэі сталі палітолагі — кіраўнікі цэнтра Арсеній Сівіцкі ды Юрый Царык.

Яны лічаць, што ў цяперашні час Беларусь адчувае беспрэцэндэнтны ваенна-палітычны ціск з боку Расіі. Таму беларуская дзяржава павінна захаваць суверэнітэт і незалежнасць, а таксама пазбегнуць палярызацыі і напружанасці ў грамадстве.

У інфармацыйнай прасторы, мяркуюць палітолагі, важна паслядоўна акцэнтаваць увагу на тым, што ў Беларусі незалежная шматвектарная знешняя палітыка, што краіна мае статус донара бяспекі і стабільнасці. Таксама яны лічаць, што Беларусь павінна адмовіцца ад размяшчэння замежнай ваеннай базы.

Аўтары прапаноўваюць распрацаваць "Патрыятычны акт" — "дакумент, які фіксуе экзістэнцыйныя каштоўнасці і мэты беларускай дзяржавы, галоўнымі з якіх з'яўляюцца суверэнітэт і незалежнасць". На іх думку, гэты дакумент абавязаныя будуць падпісаць ўсе дзяржаўныя службоўцы і вайскоўцы, а таксама супрацоўнікі дзяржаўных арганізацый. Каштоўнасці "Патрыятычнага акту" яны павінны агучваць не толькі падчас працы, але і вызнаваць у штодзённым жыцці. Публічнага адмаўлення гэтых каштоўнасцяў, на думку Сівіцкага і Царыка, дастаткова для звальнення чыноўніка з дзяржаўнай службы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі