Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру

07/10/2022 - 10:25
Алесь Бяляцкі / Еўрарадыё

Беларускі праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Лаўрэатаў сёлета трое: акрамя Бяляцкага гэта расійскі цэнтр "Мемарыял" і ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў.

Лаўрэаты гэтага года "прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах. Яны цягам многіх гадоў прасоўвалі права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзян", гаворыцца ў заяве Нобелеўскага камітэта. Там палічылі, што лаўрэаты "прыклалі выбітныя намаганні для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжывання ўладай. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі".

Старшыня і заснавальнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі ўжо больш за год знаходзіцца ў зняволенні. Яго затрымалі ў мінулым ліпені. Улады абвінавачваюць праваабаронцу ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Бяляцкаму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. За 25 гадоў сваёй праваабарончай дзейнасці Бяляцкі быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі, у тым ліку прэміяй свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homini, прэміяй Дзярждэпартамента ЗША, прэміяй Леха Валэнсы і многімі іншымі. Дарэчы, Алеся Бяляцкага раней ужо неаднаразова вылучалі на Нобелеўскую прэмію міру.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі