Беларускі піяніст напісаў канцэрт пра жыццё чэмпіёна свету па футболе Тоні Кроса

23/02/2016 - 14:31

Беларускі піяніст і кампазітар Юрый Бліноў напісаў канцэрт пра чэмпіёна свету па футболе Тоні Кроса. У Concerto-Krooso пяць частак, кожная з якіх мае канкрэтную назву і звязаная з біяграфіяй паўабаронцы зборнай Германіі і мадрыдскага “Рэала”. Пра незвычайнае прысвячэнне знакаміты футбаліст напісаў у сваім акаўнце ў фэйсбуку, праславіўшы музыканта, інфармуе tut.by.

“Я даўні і гарачы футбольны заўзятар, і на гэтым чэмпіянаце балеў, вядома, за немцаў. А Тоні адыграў вельмі важную ролю ў поспеху Германіі на тым чэмпіянаце. І гэта таксама падагравала мае творчыя пошукі”, — распавядае Юрый.

Пры гэтым музыка не знаёмы асабіста з футбалістам, але бачыў яго два разы на полі: у Мінску на матчы Лігі чэмпіёнаў супраць БАТЭ і на Audi Cup у Мюнхене.

Калі канцэрт быў гатовы, Юрый Бліноў напісаў пра гэта агенту Кроса і паведаміў, што 5 лютага ў Мінску адбудзецца прэм’ера. У канцы студзеня футбаліст напісаў пра гэту падзею на сваёй старонцы ў Facebook.

“Доктар Юры Бліноў, музыкант з Беларусі, сачыніў Concerto-Krooso у мой гонар. Я вельмі ўдзячны і ўсцешаны тым, што з гэтага часу маю свой уласны класічны канцэрт з аркестрам. Калі хто-небудзь з вас зможа быць на канцэрце ў Мінску, я быў бы рады пачуць водгукі”, — напісаў Крос.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі