"Беларуськалій" хоча праз суд спагнаць з Літвы мільярд еўра за санкцыі

14/11/2023 - 05:25

"Беларуськалій"

"Беларуськалій" пачаў арбітражны суд супраць Літвы за адмову транспартаваць угнаенні. Беларускае прадпрыемства выставіла рахунак на адзін мільярд еўра, перадае літоўскі тэлеканал TV3.

Звесткі пра суд пацвярджаюць у міністэрстве транспарту Літвы, але ад каментароў адмаўляюцца, каб не нашкодзіць пазіцыі дзяржавы ў судзе.

Паводле папярэдніх звестак, "Беларуськалій" заяўляе, што Літва парушыла двухбаковае пагадненне аб абароне інвестыцый, падпісанае ў 1999 годзе. У заяўніка дзве прэтэнзіі: скасаванне дамовы пра чыгуначныя перавозкі ўгнаеньняў у Клайпедскі порт, а таксама зніжэнне кошту акцый "Беларуськалію" і тэрміналу насыпных грузаў у Клайпедзе (кошт акцыяў паменшаў у выніку санкцый супраць беларускай кампаніі).

Літва скасавала пагадненне пра перавозку беларускіх калійных угнаенняў з меркаванняў нацыянальнай бяспекі. Перавозкі спыніліся ў лютым 2022 года.

Раней "Беларуськалій" ужо судзіўся з літоўскімі ўладамі, але беспаспяхова. Справа дайшла да Галоўнага адміністратыўнага суда Літвы, які ў снежні 2022-га канчаткова адмовіў прадпрыемству і пастанавіў не аднаўляць справу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі