Беларускага найміта, асуджанага ва Украіне, абмянялі ў Расію

08/03/2023 - 11:18
Максім Зязюльчык (другі справа, за мужчынам у чорнай куртцы) сярод вайскоўцаў, якіх Украіна перадала Расіі /  svaboda.org

Беларуса Максіма Зязюльчыка, які ваяваў ва Украіне ў складзе расійскай ПВК, выдалі Расіі падчас абмену ваеннапалоннымі. Гэта заўважылі журналісты Радыё "Свабода".

Як расказвала Еўрарадыё, 6 сакавіка стала вядома, што Украіна ўключыла беларуса Зязюльчыка ў спісы для перадачы Расіі падчас абмену палоннымі. Абмен адбыўся 7 сакавіка. Ва Украіну вярнуліся 130 вайскоўцаў. Мінабароны Расіі паведаміла, што абмен прайшоў на мяжы Украіны з Белгарадскай вобласцю РФ.

Ва Украіне Зязюльчык быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі як найміт, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях.

Зязюльчыку троху больш за 20 гадоў, ён ураджэнец Рудзенска. Да вайны служыў у беларускім войску паводле кантракту. Потым звольніўся, і ў ліпені 2022-га прыехаў у расійскі Тамбоў, дзе завербаваўся ПВК "Рэдут", каб адправіцца на фронт. 19 верасня Зязюльчыка ўзялі ў палон пасля ранення.

У лютым СБУ паведаміла, што насамрэч Зязюльчык звязаны з КДБ і займаўся разведвальна-падрыўной дзейнасцю супраць Украіны. Сабраную інфармацыю ён мусіў перадаваць у Мінск праз сувязнога. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі