Беларуска пацярпела ў Варшаве: ад яе патрабавалі "вяртацца ва Украіну"

02/05/2024 - 07:02

Момант нападу / instagram.com/warsaw.here

Беларуска атрымала траўму галавы ў бойцы ў Варшаве, на яе напала пара палякаў (мужчына і жанчына). Дзяўчына была з сяброўкай, яны размаўлялі па-руску. Жанчына, якая падышла, запатрабавала, каб дзяўчаты вярталіся назад ва Украіну. Падрабязнасці гісторыі публікуе ў Instagram рэсурс "Warsaw.here".

Дзяўчаты спачатку ніяк не адрэагавалі на заўвагі, але полька працягвала іх абражаць. Затым яна падышла да беларускі, вылаялася на яе і плюнула ў твар, а затым разгарнулася і хацела сысці. Дзяўчына ўдарыла жанчыну нагой па ягадзіцах. Полька ў адказ схапіла беларуску за валасы, а мужчына, які быў з ёй, нанёс некалькі ўдараў. Частка гэтага інцыдэнту трапіла на відэа.

Адзін з мінакоў прыгразіў, што выкліча паліцыю, калі жанчына не спыніць здзекавацца над дзяўчынай. У выніку пара сышла. Беларуска напісала заяву ў паліцыю. Яе накіравалі ў бальніцу зняць пабоі. Там лекары дыягнаставалі ў яе траўму галавы. Паліцыя пачала расследаванне па справе аб "публічнай абразе або парушэнні недатыкальнасці па нацыянальнай прыкмеце".

Пацярпелай дзяўчыне 22 гады, у Польшчы яна жыве ўжо 6 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі