Ніякай "партызаншчыны": Беларусь стала забіраць тэхнічную нафту з "Дружбы"

11/02/2020 - 08:12

"Ва ўмовах зніжэння паставак і аб'ёмаў нафты" з Расіі Беларусь стала выпампоўваць з нафтаправода "Дружба" тэхнічную нафту. Яна ідзе на перапрацоўку на беларускія НПЗ.

Пры гэтым транзіт расійскай нафты праз Беларусь не закранаецца. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў прэс-службе канцэрна "Белнафтахім".

"Гэта самая звычайная нафта, якой запоўненая труба пры адсутнасці яе эксплуатацыі, прапампоўкі, — распавядае прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка. — Тэхнічная нафта забіраецца з участкаў, якія не маюць дачынення да транзітнага накірунку, гэта прымыкаючыя ўчасткі. Гэтая нафта — наша, тут ніякай "партызаншчыны". Расійскі бок атрымаў апавяшчэнне з гэтай нагоды.

Мерапрыемствы праводзяцца з улікам таго, каб не паўплываць негатыўна на транзітныя магчымасці і аб'ёмы прапампоўкі. Да таго ж, работы спалучаныя з кансервацыяй, якая дазволіць аператыўна аднавіць прапампоўку па гэтых участках".

Расійская кампанія "Транснафта" пацвердзіла, што атрымала апавяшчэнне ад беларускага боку. Па словах прадстаўнікоў кампаніі, гэта не паўплывае на транзіт расійскай нафты, але прывядзе да паніжэння прапускной здольнасці саміх беларускіх НПЗ.

Расія з 1 студзеня спыніла пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Тыя, у сваю чаргу, вымушаныя былі знізіць магутнасці. За месяц замест 2 млн тон расійскай нафты яны атрымалі толькі 500 тысяч тон — ад кампаніі Міхаіла Гуцарыева "Сафмар".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі