Агурок / pixabay.com
У 2025 годзе Беларусь стала галоўным пакупніком расійскіх агуркоў. Пра гэта паведамляюць расійскія інфармагенцтвы са спасылкай на Рассельгаснагляд.
Летась Расія экспартавала 24,5 тыс. тон гуркоў. На долю Беларусі прыпала з гэтага экспарту 17,1 тыс. тон агуркоў. Другое месца заняў Казахстан — 5,5 тыс. тон агуркоў.
Дарэчы, пару гадоў таму ў Беларусі была прынятая праграма па забеспячэнні краіны агуркамі і таматамі ў міжсезонне. Аднак праблемы з гэтай прадукцыяй узнікаюць перыядычна.
Чарговы збой з пастаўкамі свежых агуркоў у гандлёвыя сеткі адбыўся пры канцы студзеня 2026 года. Пра гэта "Зеркало" паведамляла са спасылкай на дакументы, атрыманыя дзякуючы BELPOL. Адны цяплічныя камбінаты ў гэты перыяд не вырошчвалі агуркі, іншыя — ужо распрадалі ўраджай наперад. У сітуацыю ўмяшаўся першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў і запатрабаваў штотыдзень дакладваць ураду пра стан спраў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут