Беларусь прыпыніла праверку па справе выкрадання ўкраінца Паўла Грыба

13/12/2017 - 16:57

Беларускія праваахоўнікі прыпынілі праверку па скарзе ўкраінца Ігара Грыба на выкраданне яго сына Паўла ў беларускім Гомелі. Пра гэта Радыё "Свабода" паведаміў прэс-сакратар МУС нашай краіны Канстанцін Шалькевіч. Праверкай па заяве Ігара Грыба займаецца ўпраўленне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму, патлумачыў ён.

"У межах праверкі накіраваныя запыты ў органы ўнутраных спраў Расійскай Федэрацыі. Цяпер да атрымання адказаў праверка прыпыненая, канчатковае рашэнне па ёй не прынятае", — удакладніў Шалькевіч.

Як паведамлялася раней, украінскі грамадзянін Павел Грыб у верасні паехаў у Гомель на сустрэчу з расійскай знаёмай і потым таямніча знік. Праз нейкі час ён знайшоўся ў турме ФСБ у Краснадары. Паводле расійскіх следчых, Павел Грыб нібыта планаваў падарваць бомбу на школьнай лінейцы ў Сочы. Яго бацька перакананы, што сына з тэрыторыі Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ Расіі.

Ігар Грыб расказаў журналістам, што яго жонка ездзіла на папярэдняе судовае пасяджэнне па справе сына: "Ёй не дазволілі тады сустрэчу. Ні лістоў пісаць Паўлу, ні спаткання не даюць. Можа, хоць бы на пасяджэнні 19 снежня маці зможа яго ўбачыць. За ўвесь гэты час — ніводнай вестачкі. Яго трымаюць там у поўнай ізаляцыі. Таксама нічога невядома пра ўмовы ўтрымання. Нават падчас сустрэчы з консуламі ўмовы ўтрымання забараняецца абмяркоўваць".

Па словах украінца, апошняя сустрэча Паўла з украінскім консулам доўжылася толькі 7 хвілінаў. Адміністрацыя следчага ізалятара спыніла яе, бо затрыманы і консул размаўлялі паміж сабой па-ўкраінску. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі